Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цыганкоў: «Палітыкі за межамі Беларусі больш ня могуць працаваць на ўнутраны электарат»

Каляж
Каляж

Першае публічнае інтэрвію Марыі Калесьнікавай пасьля турмы выклікала не спачуваньне, а спрэчкі. Частка беларусаў чакала жорсткіх заяваў, радыкальнай рыторыкі і адкрытага выкліку рэжыму. Замест гэтага — стрыманасьць, асцярожныя фармулёўкі і гуманітарны тон.

Ці можа такая мова працаваць у 2026 годзе? Ці наогул магчыма сёньня рабіць палітыку, арыентуючыся на беларусаў унутры краіны? І чаму мяккасьць можа быць ня слабасьцю, а разьлікам? Тлумачыць палітычны камэнтатар Віталь Цыганкоў.

— Чаму, на тваю думку, Марыя Калесьнікава дала першае вялікае інтэрвію пасьля турмы не беларускаму СМІ, а Юрыю Дудзю?

— Не ведаю, чаму людзі выносяць за дужкі яе інтэрвію Марыне Золатавай.

— Магчыма, таму што яна не прадстаўляе СМІ. Яна былая палітзьняволеная, якая сядзела ў калёніі разам з Калесьнікавай.

— Але зварот да беларускай аўдыторыі ўсё роўна быў першым — і празь беларускую журналістку. Уся гэтая праблема ня вартая выедзенага яйка. Калі б Дудзь спытаў, і я б даў яму інтэрвію. Іншая справа, што ніхто мяне не спытае, бо ў камэнтарах людзі б пісалі: «а хто гэта такі». Я тут ня бачу ніякай праблемы: Дудзь мае вялікую аўдыторыю ў Беларусі. Сяргей Ціханоўскі казаў у Нью-Ёрку, што ня трэба даваць Сьвятлане інтэрвію CNN, бо Трамп глядзіць Fox News. Мне здаецца, што трэба даваць інтэрвію і CNN, і Fox News. Усе гэтыя прэтэнзіі да яе з прычыны інтэрвію Дудзю — сьмешныя. Гэта проста людзям трэба знайсьці зачэпку для нэгатыву.

— Многія зьвярнулі ўвагу, што ў інтэрвію яна не крытыкавала Лукашэнку наўпрост. Гэта асьцярожнасьць, страх, тактыка — ці ўжо новая палітычная лінія?

— Думаю, матывацыя ёсьць у тым, што многія людзі яшчэ сядзяць. Многія казалі, у тым ліку Ціханоўскі, што ў Беларусі вызваленым палітвязьням сказалі: калі вы будзеце сябе ціха паводзіць, то сваімі словамі вы зможаце разбурыць трэк па вызваленьні палітвязьняў. Калі Марыя правяла столькі часу ў пакутах, яна можа сабе дазволіць, як яна лічыць, сказаць нават словы падзякі Лукашэнку за вызваленьне. Яна сыходзяць з таго, што важны вынік — што трэба працягнуць вызваленьне палітвязьняў. І таму яна лічыць, што рэзкая крытыка зь яе вуснаў можа пашкодзіць. Магчыма, ёсьць нейкія непублічныя дамоўленасьці. Можа, ёй сказалі, намякнулі, запалохалі.

— У інтэрвію было шмат словаў пра гуманізм, прымірэньне, «несупраціўленьне злу сілай». Чаму, на вашу думку, гэтыя мэсыджы прагучалі менавіта цяпер?

— Яна ў гэтым даволі пасьлядоўная. Яна такое казала і ў 2020 годзе, і цяпер працягвае. Я б найбольш адзначыў нават не яе словы адносна рэжыму, а ў дачыненьні да нашай супольнасьці. Яна выйшла — і ёй было нечакана ўбачыць хвалю нэгатыву, нянавісьці. Бо ў турме адзін аднаго падтрымліваюць, там поўная салідарнасьць, там поўная дапамога. І тым больш яна села ў 2020-м, калі тое самае было абсалютна ва ўсім нашым грамадзтве.

Я сам літаральна ўчора сустракаўся са сваім сябрам, былым палітвязьнем, і ён казаў, што таксама яго гэта ўражвае ў сацыяльных сетках. Ня толькі ў адкрытых, публічных, а нават ёсьць нейкія чаты канкрэтна для былых палітвязьняў, і ўнутры гэтых чатаў таксама ідзе даволі рэзкая палітычная барацьба. Адны другіх абвінавачваюць менавіта па палітычных пытаньнях: хто там за Офіс, хто супраць. Вакол гэтага людзі пачынаюць абвінавачваць адзін аднаго ледзь ня ў здрадзе.

— Акурат у той час, калі Сьвятлана Ціханоўская пераехала зь Вільні ў Варшаву, Марыя Калесьнікава разам з сястрой, якая вельмі моцна спрыяла яе вызваленьню, Тацьцянай Хоміч, была ў Вільні і сустракалася з прэм’ер-міністркай Літвы. Ці ёсьць у Марыі Калесьнікавай, на тваю думку, нейкая палітычная будучыня — не як сымбалю пратэстаў, а менавіта як актыўнага гульца?

— У дадзеным выпадку ўсё залежыць ад яе, і яна сама сказала, што ня мае такіх выразных палітычных амбіцыяў. Мне здаецца, гэта дастаткова шчырае выказваньне. Што тычыцца палітыкі, то цяпер у нас такая сыстэма, такая структура, што так ці іначай, калі ты пачынаеш займацца палітыкай не ў Беларусі, перад табой паўстае пытаньне: ці ты ўваходзіш у агульны мэйнстрым, ці ідзеш у нешта іншае. І калі пакуль Калесьнікава лічыць, што яна проста выказваецца і не ўступае ў супярэчнасьці, то гэта можа працаваць у першыя месяцы. Але потым гэтае пытаньне перад ёй аб’ектыўна паўстане: ці вы за Офіс, ці вы будзеце праводзіць асобную палітыку — самастойную, а самастойная азначае ў нечым перпэндыкулярную Офісу.

— Ці магчыма, што сфармуюцца два палітычныя цэнтры — умоўна «варшаўскі» і «бэрлінскі»?

— Пакуль рана пра гэта казаць. Але лягічна, што Ціханоўская хацела зразумець: ці плянуюць Калесьнікава і Бабарыка асобную палітыку, ці далучэньне да існых структураў. Я асьцярожна прагназую, што яны могуць пайсьці шляхам паралельнага існаваньня: не супраць Офісу, але і не ўнутры яго. Дзьве хвалі, якія ідуць побач і стараюцца не сутыкацца. Першыя заявы Калесьнікавай — вельмі карэктныя ў дачыненьні да Ціханоўскай, і гэта добры знак.

— Ці не рызыкуе Калесьнікава страціць частку сваёй падтрымкі празь мяккую рыторыку?

— У палітыцы гэта непазьбежна. Як толькі ты выказваеш палітычную пазыцыю — ты кагосьці губляеш. У 2020 годзе была адна аб’яднаўчая тэма: «Мы супраць Лукашэнкі». Яна аб’яднала большасьць. Як толькі зьяўляюцца іншыя пытаньні — пра Расею, санкцыі, эканоміку, каштоўнасьці — кансэнсус зьнікае. Гэта нармальна. Гэта здарыцца і з Калесьнікавай, захоча яна таго ці не. Сёньня палітыкі за межамі Беларусі вымушаныя працаваць не на ўнутраны электарат — бо там няма выбараў і магчымасьцяў, — а на беларусаў у выгнаньні і на міжнародных партнэраў. І гэта аб’ектыўная рэальнасьць.

— Магчыма, Калесьнікава таксама будзе радыкалізавацца, бо ўбачыць, як сьвет зьмяніўся за гэтыя пяць гадоў, як зьмяніліся, у тым ліку, і беларусы.

— Я калісьці пісаў пра гэта на «Свабодзе», кажучы, што Сьвятлана Ціханоўская не заўсёды была такой, якой мы бачым яе цяпер. Яна была вымушаная радыкалізавацца яшчэ да вайны. І адзін з галоўных аргумэнтаў тут вельмі просты: яна не зьбіраецца і ня можа ўдзельнічаць у выбарах у Беларусі. Калі б яна цяпер выйшла і пачала нешта накшталт новай прэзыдэнцкай кампаніі — у гэтым проста няма ніякага сэнсу. Які тут разьлік, якая лёгіка, калі ты фактычна выкінуты за межы краіны і наўрад ці можаш вярнуцца ў бліжэйшы час?

Каб вярнуцца, недастаткова рабіць тое, што спадабаецца ўсім. Тут патрэбныя больш жорсткія рэчы — тое, што ты і назваў радыкалізацыяй. Таму сёньня палітыкі за межамі Беларусі дэ-факта ня могуць працаваць на электарат унутры краіны. Яны могуць думаць, што працуюць, але для гэтага няма ні выбараў — і іх даўно не было, — ні магчымасьці паўнавартаснай прысутнасьці ўнутры Беларусі. У выніку прыходзіцца, па-першае, арыентавацца на беларусаў за мяжой, а па-другое — улічваць міжнародных партнэраў і агульную міжнародную сытуацыю. І гаварыць, і дзейнічаць так, што можа набліжаць перамогу Беларусі праз міжнародныя кантакты, а не праз папулярнасьць унутры краіны, якая, на жаль, сёньня мала што вырашае для лёсу палітыкаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG