Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік міліцыі Берасьцейшчыны расказаў, дзе шукаюць «экстрэмістаў» і чаму ня ўсіх могуць дастаць

Алег Шулякоўскі
Алег Шулякоўскі

Кіраўнік упраўленьня ўнутраных спраў Берасьцейскага аблвыканкаму Алег Шулякоўскі заявіў, што большасьць «экстрэмістаў» выяўляюць у інтэрнэце.

«Экстрэмісцкай накіраванасьці злачынствы, яны пераважна, там пад 90 %, гэта ўсё ў сеціве інтэрнэт. І мы з вамі разумеем, што гэта нашы „беглыя“, мы іх высьвятляем. На жаль, паколькі яны знаходзяцца на тэрыторыі не зусім дружалюбных нашых суседзяў-партнэраў, фізычна мы да іх пакуль, гэта пакуль, дастаць ня можам», — сказаў Алег Шулякоўскі 5 лютага на прэсавай канфэрэнцыі ў Берасьці.

Гэты фрагмэнт відэазапісу апублікавала мясцовае выданьне «Брестский вестник», а пад ім разьмясьцілі такі камэнтар:

«МУС забясьпечанае належнымі сродкамі і спэцыялістамі, каб высьветліць усіх датычных да спробаў расхістаць дзяржаўны лад звонку — Шулякоўскі. Злавіць экстрэмістаў — гэта проста пытаньне часу».

А на запісе пазначылі субцітры: «Знойдуць усіх. Нават за мяжой».

Як вынікае зь інфармацыі на сайце Берасьцейскага аблвыканкаму, адначасова Алег Шулякоўскі адзначыў зьніжэньне на 12,9 % злачынстваў у рэгіёне цягам 2025 году. Паводле яго, на 26,4% скарацілася колькасьць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку, а таксама колькасьць крадзяжоў, злачынстваў, зьвязаных з хатнім гвалтам і наркотыкамі.

У той жа час, паводле яго, на 33,3 % павялічыўся лік злачынстваў, зарэгістраваных на аб’ектах чыгункі. Больш зарэгістравалі правапарушэньняў супраць сталых людзей.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG