Пасьля праведзенай у Беларусі перарэгістрацыі рэлігійных аб’яднаньняў колькасьць супольнасьцяў, якія маюць афіцыйны статус, значна скарацілася. Найбольш балючым гэты працэс стаў для каталікоў у Магілёўскай вобласьці — зьліквідавалі роўна палову раней зарэгістраваных рыма-каталіцкіх парафіяў.
Афіцыйна пра гэта не паведамляецца, але такія дадзеныя сайт Katolik.life атрымаў пры супастаўленьні статыстыкі. Як мы заўважылі, Магілёўскі аблвыканкам апублікаваў сьвежыя зьвесткі аб рэлігійных канфэсіях і колькасьці супольнасьцяў, зарэгістраваных у рэгіёне.
Па стане на 1 лютага 2026 году ў Магілёўскай вобласьці зарэгістраваныя і дзейнічаюць 12 рыма-каталіцкіх супольнасьцяў. Да пачатку перарэгістрацыі, паводле лічбаў Упаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў, такіх у рэгіёне было 24.
Пры гэтым адна грэка-каталіцкая (вуніяцкая) супольнасьць, якая раней дзейнічала на Магілёўшчыне, пасьля перарэгістрацыі захавалася. Якія менавіта 12 рыма-каталіцкіх парафій былі зьліквідаваныя, інфармацыі на афіцыйных рэсурсах Касьцёлу няма.
Раней стала вядома, што ў Віцебскай вобласьці засталося 85 рыма-каталіцкіх супольнасьцяў замест 94, як было раней. У Берасьцейскай — 60 замест 66. Аднак там, як і ў іншых рэгіёнах, інфармацыя яшчэ актуалізуецца.
Таксама стала вядома, што агулам у Беларусі зьліквідавалі каля 60 рыма-каталіцкіх парафіяў. Найбольш праўдападобна, што ў іх была недастатковая колькасьць вернікаў, патрэбная згодна з новымі правіламі, для рэгістрацыі супольнасьці.
Форум