Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура спагнала 120 тысяч рублёў са спартоўца зборнай Беларусі за тое, што яго злавілі з допінгам

Цяжкая атлетыка, ілюстрацыйная выява
Цяжкая атлетыка, ілюстрацыйная выява

Беларускаму цяжкаатлету давялося вярнуць Рэспубліканскаму цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі» буйную суму грошай за сваю правіну.

У 120 тыс. рублёў ацаніла свае выдаткі дзяржава, заявіўшы, што менавіта столькі яна аддала на спартовую падрыхтоўку атлета. Падрабязнасьці судовых разбораў справы расказалі ў Генэральнай пракуратуры.

Паводле зьвестак ведамства, у цяжкаатлета, які быў уключаны ў склад нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь на 2024 год, была тэрміновая працоўная дамова з Рэспубліканскім цэнтрам алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі» — ён працаваў там як спартовец-інструктар беларускай нацыянальнай каманды ў цяжкай атлетыцы.

Летам 2024 году яго абвінавацілі ў парушэньні антыдопінгавых правіл краіны і дыскваліфікавалі на 4 гады, адхіліўшы ад спаборніцтваў да ліпеня 2028 году. Пасьля гэтага з цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі яго таксама звольнілі і запатрабавалі кампэнсацыі фінансавых сродкаў, затрачаных на яго падрыхтоўку.

Такія наступствы дыскваліфікацыі за допінг былі прапісаныя ў кантракце і замацаваныя ў дзейным заканадаўстве Беларусі, а менавіта ў Працоўным кодэксе і прэзыдэнцкім указе «Аб нацыянальных і зборных камандах».

У «Стайках» падлічылі, што на дату скасаваньня працоўнай дамовы сума, выдаткаваная на падрыхтоўку спартоўца-інструктара, дасягала 3 тыс. базавых велічынь (120 тыс. рублёў). Яе запатрабавалі вярнуць.

Паводле пракуратуры, 50 тыс. рублёў цяжкаалет добраахвотна выплаціў яшчэ ў рамках дасудовай праверкі. Астатнюю суму — 70 тыс. рублёў — вярнуў пасьля папярэдняга судовага пасяджэньня. Яшчэ ў 3,5 тыс. рублёў яму абышлася дзяржаўная пошліна.

Хоць Генэральная пракуратура не назвала імя спартоўца ў сваёй справаздачы, аднак яго можна высьветліць. На сайце Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Беларусі ёсьць сьпіс спартоўцаў, адлучаных ад турніраў за ўжываньне забароненых рэчываў. У ліпені 2024 году 4-гадовую дыскваліфікацыю атрымаў Ягор Грынько. Ён незаконна ўжываў гармон росту.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG