Як паведамляе «Позірк», дзейнасьць «арганізаванай злачыннай групы, якая займалася кантрабандай цыгарэт з тэрыторыі Беларусі ў Польшчу», спынілі супрацоўнікі Надбужанскага аддзелу Памежнай аховы пад наглядам акруговай пракуратуры ў горадзе Седльцах (Мазавецкае ваяводзтва).
«Для незаконнай дзейнасьці кантрабандысты выкарыстоўвалі мэтэаралягічныя балёны», — паведаміла 5 лютага прэс-служба польскіх памежнікаў.
Адзначаецца, што «пяцёра мужчын абвінавачаныя ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, кантрабандзе тытунёвых вырабаў, парушэньні правілаў паветранага руху, а таксама ў парушэньні закону аб асаблівых мерах для процідзеяньня падтрымцы агрэсіі супраць Ўкраіны».
«Цяпер падазраваным трэба будзе адказваць за свае дзеяньні перад судом. Злачынствы, якія ім інкрымінуюцца, караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 9 месяцаў да 12 гадоў (...) Рашэньнем суду яны часова арыштаваныя на 3 месяцы. », — гаворыцца ў паведамленьні.
Як раней паведаміла польская прэса, Падляскі памежны аддзел 31 студзеня абвясьціў аб арышце двух грамадзян Беларусі, якіх падазраюць у спробе кантрабанды цыгарэт з выкарыстаньнем мэтэаралягічных балёнаў. Мужчыны 37 і 39 гадоў цяпер тры месяцы знаходзяцца пад вартай паводле рашэньня суду. Абвінавачваньні супраць іх тычацца Падатковага крымінальнага кодэксу, мераў для процідзеяньня падтрымцы агрэсіі супраць Ўкраіны, абароны нацыянальнай бясьпекі. Ім пагражае пакараньне трыма гадоў пазбаўленьня волі.
Паколькі польска-беларуская мяжа цяпер пільна ахоўваецца, кантрабандысты пачалі выкарыстоўваць паветраныя балёны, каб яе пераадолець. Згодна з Падляскай памежнай аховай, у 2025 годзе была выяўлена кантрабанда цыгарэт на суму больш за 3,4 мільёна злотых (каля 950 тыс. даляраў), 29 чалавек арыштаваныя.
Толькі ў студзені сёлета польская памежная служба зафіксавала каля 1,75 мільёна цыгарэт бяз польскіх акцызных марак, кошт якіх ацэньвалі ў 1,78 мільёна злотых (каля 497 тыс. даляраў).
У Літве 3 лютага затрымалі 5 чалавек, якіх падазраюць у кіраваньні групоўкамі злачыннага аб’яднаньня, якое займаецца кантрабандай цыгарэтаў зь Беларусі.
У Вільні і Салечніцкім раёне правялі больш за 20 ператрусаў, паведаміла пракуратура Літвы. Выявілі сродкі сувязі, GPS-перадавальнікі, паліцэйскія пробліскавыя маячкі ды іншыя прылады.
Форум