Частковы шатдаўн пачаўся праз некалькі гадзін пасьля таго, як Сэнат узгадніў пакет законапраектаў аб фінансаваньні ключавых ведамстваў да канца верасьня. Дакумэнты павінны быць ухвалены Палатай прадстаўнікоў, пасяджэньне якой, як чакаецца, адбудзецца ў панядзелак.
Як піша The Guardian, прыпыненьне працы ўрада стала вынікам адмовы сэнатараў-дэмакратаў прагаласаваць за законапраект аб фінансаваньні Міністэрства ўнутранай бясьпекі (МВБ) пасьля таго, як фэдэральныя агенты застрэлілі двух чалавек у Мінеапалісе. Дэмакраты патрабуюць перапісаць законапраект аб фінансаваньні МВБ, уключыўшы ў яго новыя абмежаваньні для супрацоўнікаў ведамства.
У пятніцу дэмакраты і рэспубліканцы дасягнулі кампрамісу: Сэнат ухваліў законапраекты, якія прадугледжваюць фінансаваньне працы большасьці фэдэральных ведамстваў, у тым ліку Пэнтагона, Дзярждэпартамэнта, Мінфіна і Міністэрства аховы здароўя да канца фінансавага года — гэта значыць да 30 верасьня. З пакета было выключана Міністэрства ўнутранай бясьпекі — фінансаваньне гэтага ведамства будзе працягнута на два тыдні, у гэты пэрыяд заканадаўцы плянуюць правесьці перамовы аб прыняцьці новых абмежаваньняў для фэдэральных агентаў.
Гэта ўжо другое прыпыненьне працы амэрыканскага ўрада за год. Мінулы шатдаўн, які працягнуўся з 1 кастрычніка па 14 лістапада 2025 года, стаў самым доўгім у гісторыі ЗША. Гэта закранула 1,4 мільёна фэдэральных служачых — падчас шатдауна многія з іх працуюць без аплаты або адпраўленыя ў неаплатныя водпускі.
- Са сьнежня 2025 года Міністэрства ўнутранай бясьпекі праводзіць у Мінэсоце маштабную апэрацыю па затрыманьні нелегальных імігрантаў, для гэтага ў штат указам прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа былі накіраваны каля трох тысяч фэдэральных агентаў Іміграцыйнай і мытнай паліцыі (ICE) і іншых службаў. 7 студзеня агент ICE ў Мінеапалісе застрэліў 37-гадовую маці траіх дзяцей Рэнэ Гуд, а 24 студзеня там жа супрацоўнік Памежна-мытнай службы забіў 37-гадовага мэдбрата Алекса Прэці. У Мінеапалісе і іншых гарадах ЗША праходзяць пратэсты супраць жорсткай іміграцыйнай палітыкі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і дзеяньняў фэдэральных агентаў, якія ладзяць рэйды ў пошуках нелегальных мігрантаў.
Форум