У ЗША двух фэдэральных агентаў, якія стралялі ў 37-гадовага Алекса Прэці, адхілілі ад службы на час сьледзтва. Пра гэта паведамляе The New York Times з спасылкай на прадстаўніка Міністэрства ўнутранай бясьпекі.
З словаў чыноўніка, агент Памежнага патрулю і супрацоўнік Мытна-памежнай службы адхіленыя ад працы з 24 студзеня — з дня стральбы, гэта стандартная працэдура.
Выданьне адзначае, што пакуль незразумела, ці былі адхіленыя ад службы іншыя фэдэральныя агенты, якія прыціснулі Прэці да зямлі і трымалі яго.
Ведамства накіравала ў Кангрэс папярэднюю справаздачу аб выніках унутранага расьсьледаваньня з падрабязнай храналёгіяй падзеяў на падставе відэазапісаў з нацельных камэраў і дакумэнтацыі ведамства.
У дакумэнце ня згадваецца, што Прэці размахваў пісталетам, як заяўлялі раней.
Гаворыцца, што ён аказаў супраціўленьне спробам агентаў затрымаць яго, пасьля чаго адбылася «барацьба». Затым агент Памежнага патрулю некалькі разоў крыкнуў: «У яго пісталет!». Прыкладна празь пяць сэкундаў ён стрэліў з свайго пісталета Glock 19, супрацоўнік Мытна-памежнай службы страляў зь пісталета Glock 47. Пры гэтым, як адзначае NBC News, з справаздачы незразумела, каторы менавіта з двух агентаў пацэліў у мужчыну.
The New York Times і NBC News пішуць, што прааналізавалі адзін зь відэазапісаў інцыдэнту і прыйшлі да высновы, што Прэці, які меў дазвол насіць агнястрэльную зброю, быў раззброены да таго, як у яго стрэлілі.
Алекс Прэці працаваў мэдбратам у рэанімацыі, быў грамадзянінам ЗША. Яго застрэлілі праз 17 дзён пасьля гібелі 37-гадовай маці траіх дзяцей, паэткі Рэнэ Гуд. Пасьля яе забойства ў Мінэапалісе пачаліся пратэсты, якія перарасьлі ў сутыкненьні паміж праваахоўнікамі і ўдзельнікамі дэманстрацыяў. Міністэрства юстыцыі ЗША пачало супраць губэрнатара Мінэсоты Тыма Ўолза і мэра Мінэапалісу Джэйкаба Фрэя расьсьледаваньне аб змове з мэтай перашкоды працы фэдэральных агентаў.
Ад сьнежня 2025 году Міністэрства ўнутранай бясьпекі праводзіць у Мінэсоце маштабную апэрацыю затрыманьня нелегальных імігрантаў, для чаго ў штат указам прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа былі накіраваныя каля трох тысяч фэдэральных агентаў ICE і іншых службаў. Жыхары Мінэсоты пратэстуюць супраць прысутнасьці гэтых агентаў у штаце.