Згодна з інфармацыяй выданьня bragin.by, «прафіляктыку» сярод школьнікаў праводзілі кіраўніцы аддзелаў адукацыі й ідэалягічнай працы Брагінскага райвыканкаму Натальля Даўжанок і Сьвятлана Цалуйка. У гэтых дзьвюх школах да іх далучыўся і намесьнік начальніка Брагінскага РАУС у ідэалягічнай працы Сяргей Брыцько.
«Асаблівую ўвагу надалі прафіляктыцы правапарушэньняў і злачынстваў», — адзначыла выданьне.
Як вынікае з апублікаваных фатаздымкаў, на гэтай «дыялёгавай пляцоўцы» дзецям паказалі прапагандысцкі фільм.
Гэта ня першая сустрэча раённых ідэолягаў з вучнямі школаў Брагінскага раёну. Летась у кастрычніку Натальля Даўжанок і Сьвятлана Цалуйка праводзілі «прафіляктыку» сярод вучняў Вуглоўскай сярэдняй школы, дзе разам зь імі быў праваслаўны сьвятар — настаяцель храму Мікалая Цудатворца Уладзімер Зелянкоўскі.
У Беларусі пасьля масавых пратэстаў 2020 году супраць сфальсыфікаваных вынікаў выбараў і гвалту міліцыянтаў супраць удзельнікаў пратэстаў узмацнілі «ідэалягічную работу» сярод моладзі. Улады называюць гэта «патрыятычным выхаваньнем».
Як паведаміў 30 студзеня міністар унутраных справаў Беларусі Іван Кубракоў, цяпер ува ўсёй краіне стварылі больш за 180 вайскова-патрыятычных клюбаў, у склад якіх уваходзяць 6 тысяч дзяцей.
Усё гэта адбываецца падчас паведамленьняў беларускіх праваабаронцаў аб працягу перасьледу людзей за «экстрэмізм», які ўлады выкарыстоўваюць для барацьбы з палітычнымі апанэнтамі.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум