Такія лічбы статыстыкі прывяла генэральная дырэктарка «Белвадаканалу» Ірына Роўба, пішуць «Мінск-Навіны».
Паводле чыноўніцы, паслугамі цэнтралізаванага вадаводу на пачатак 2026 году ў краіне ахопленыя 93,9% жыхароў, а каналізацыі — 81%. Больш за 500 000 жыхароў Беларусі абыходзяцца іншымі крыніцамі.
Але й такога выніку, паводле чыноўніцы, удалося дасягнуць толькі шляхам вялікай працы. За апошнія пяць гадоў ў Беларусі адкрылі каля 100 сьвідравінаў, пабудавалі больш за 1000 станцый абезжалезваньня вады і праклалі 250 км новых вадаводных сетак. Агулам для паляпшэньня якасьці вады ў краіне ўвасобілі больш за 1000 розных праектаў.
Адной з ключавых падзей 2025 году Роўба назвала поўны перавод Менску на падземныя артэзіянскія крыніцы. Аднак такая вада мае прыродную асаблівасьць — высокае ўтрыманьне жалеза — і таму патрабуе абавязковага ачышчэньня. У 2026 годзе для такіх мэтаў у краіне працуюць 2268 адмысловых станцый.
Таксама прадпрыемства займаецца ачышчэньнем сьцёкаў. Згодна з пададзенымі лічбамі, за 5 гадоў у краіне рэканструявалі 56 камунальных ачышчальных збудаваньняў. Дзякуючы гэтаму, 97% усіх сьцёкавых водаў цяпер чысьцяцца перад скідам у рэкі і азёры. А гэта каля 1,4 млн кубічных мэтраў штодня.
Форум