У верасьні 2025 году Сьледчы камітэт распачаў спэцыяльнае вядзеньне ў дачыненьні Шабуцкага. У кастрычніку Горадзенская абласная пракуратура паведаміла, што справу супраць блогера накіравалі ў суд.
Супраць Максіма Шабуцкага вядуць справу паводле 18 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У прыватнасьці, яго абвінавачваюць у стварэньні ў 2020 годзе «экстрэмісцкай групы», якая складалася з адміністратараў, мэнэджараў і ўдзельнікаў YouTube-каналу Maxim Shabutsky і Telegram-каналу Shabutsky Group. Яго таксама абвінавачваюць у публікацыі «экстрэмісцкай інфармацыі» на гэтых і іншых рэсурсах, якія яму належаць.
Таксама Шабуцкага абвінавачваюць ва ўдзеле ў «Палку Каліноўскага», а таксама ў стварэньні блёку «Незалежныя беларусы» на выбарах у Каардынацыйную раду і ва ўдзеле ў ейнай працы.
Пракуратура абвінавачвае Шабуцкага ў нанясеньні маёмаснай шкоды дзяржаве на суму каля 31 мільёна рублёў.
Улады Беларусі ўжо ня першы год выкарыстоўваюць абвінавачаньні ў «экстрэмізьме» для перасьледу палітычных апанэнтаў.
Максім Шабуцкі стаў вядомым у ліпені 2020 году, калі пачаў выкладваць у свой канал на Youtube першыя ролікі. Там ён прапанаваў свой плян дзеяньняў на 9 жніўня, які называўся «Багратыён». Аднак гэты плян не знайшоў шырокай падтрымкі. Да красавіка 2022 году блогер жыў у падпольлі ў Беларусі, пасьля перабраўся ў Польшчу. У канцы 2022 году далучыўся да палку Каліноўскага, але пакінуў абʼяднаньне ў лістападзе 2023-га. Затым сабраў фракцыю аднадумцаў і балятаваўся ў Каардынацыйную раду.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум