Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі заявіў, што Ўкраіна дапамагае ЗША ў вызваленьні беларускіх палітвязьняў


Уладзімір Зяленскі, Гітанас Наўседа і Караль Наўроцкі на прэсавай канфэрэнцыі ў Вільні (Літва), 25 студзеня 2026 году
Уладзімір Зяленскі, Гітанас Наўседа і Караль Наўроцкі на прэсавай канфэрэнцыі ў Вільні (Літва), 25 студзеня 2026 году

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Ўкраіна дапамагае ЗША ў вызваленьні беларускіх палітвязьняў і разьлічвае на дапамогу Вашынгтону ў вызваленьні ўкраінскіх палітзьняволеных у Расеі.

«Расея трымае ў сваім палоне тысячы ўкраінцаў, і, вы ведаеце, як складана ідуць перамовы аб абмене. Расея ня хоча аддаваць. Калі мы мяняем адпаведную колькасьць на адпаведную колькасьць, мова ідзе найперш пра ваеннапалонных. З палітвязьнямі яшчэ складаней, таму што палітвязьняў яны ня хочуць аддаваць. Мы займаемся гэтым, маем пэўны досьвед у гэтым, але посьпехам гэта назваць нельга, таму што яшчэ ня ўсе добра. Але мы гэтым займаемся», — працытавала выданьне «Позірк» выказваньне Ўладзіміра Зяленскага 25 студзеня на прэсавай канфэрэнцыі ў Вільні.

Паводле яго, ЗША заняліся пытаньнем вызваленьня беларускіх палітвязьняў, разумеючы, што ў украінцаў ёсьць «адпаведны досьвед».

«Мы дапамагаем Злучаным Штатам у гэтым пытаньні. [...] Пэўны вынік, напэўна, ужо ёсьць, усе яго бачылі, шмат палітвязьняў выйшлі на волю», — дадаў Зяленскі.

«Спадзяемся дапамагаць ім і далей таксама спадзяемся на Злучаныя Штаты, якія будуць дапамагаць і нам вызваляць нашых палітвязьняў», — заявіў прэзыдэнт Украіны.

Летась 13 сьнежня зь вязьніц выйшлі 123 палітвязьні. Большая частка зь іх была адпраўленая ва Ўкраіну, а Алеся Бяляцкага прывезьлі ў Літву.

Вызваленьне адбылося пасьля прыезду ў Менск Джона Коўла — спэцспасланьніка прэзыдэнта ЗША Трампа ў справах Беларусі.

У групе вызваленых былі Віктар Бабарыка і Марыя Калесьнікава, іхны паплечнік Максім Знак, праваабаронца-вясновец Уладзь Лабковіч, палітоляг Аляксандар Фядута, палітык і пісьменьнік Павал Севярынец і іншыя.

Як і пры мінулых вызваленьнях, зарганізаваных пры дапамозе амэрыканскай адміністрацыі, палітычныя зьняволеныя былі прымусова вывезеныя з радзімы за мяжу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG