Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Доме вольнай Беларусі» ў Львове ўшанавалі памяць Міхаіла Жызьнеўскага. Там цяпер захоўваецца і помнік герою


У пятніцу ў «Доме вольнай Беларусі» ў Львове ўшанавалі памяць Міхаіла Жызьнеўскага і беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі, баронячы Ўкраіну ад расейскай агрэсіі, паведаміла Львоўская абласная рада.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел дэпутаты рады, прадстаўнікі беларускай супольнасьці і грамадзкія дзеячы.

Загінулых ушанавалі хвілінай маўчаньня. Сьвятар адслужыў паніхіду. Адбыўся паказ фільма пра Міхаіла Жызьнеўскага. Выступілі дэпутаты Львоўскай абласной рады.

У «Доме вольнай Беларусі» цяпер перахоўваецца і помнік Міхаілу Жызьнеўскаму, які першапачаткова стаяў на месцы ягонай гібелі ў Кіеве. Таксама тут можна пабачыць рэчы, узнагароды, лісты іншых загінулых герояў.

Дэпутатка Кацярына Кэньо падзялілася ўспамінамі пра пахаваньне Міхаіла:

«Мы разумелі, што ідзе барацьба за праўду, за волю, за сьвятло. На пахаваньне Міхаіла Жызьнеўскага прыйшлі тысячы людзей. Тады мы ўсьвядомілі, што свабоду не спыніць».

Прадстаўнік Упаўнаважанага Вярхоўнай Рады Ўкраіны па правах чалавека ў Львоўскай вобласьці Тарас Падвірны апавёў, што робіцца для легалізацыі беларускіх добраахвотнікаў:

«Разам зь імі працуем над тым, каб ліквідаваць юрыдычныя перашкоды для іх знаходжаньня ва Ўкраіне. У мінулым годзе мы перадалі ў МУС 25 спраў, і зараз гэтыя пытаньні абмяркоўваюцца на найвышэйшым узроўні».

Беларускія актывісты Львова прапаноўвалі ўсталяваць помнік Жызьнеўскаму ў адным зь львоўскіх сквэраў. Але ў нядаўнім інтэрвію Свабодзе мэр гораду Андрэй Садавы сказаў, што помнік пакуль ставіць ня будуць:

«Ідэя цікавая, але падчас вайны мы прыпынілі ўстанаўленьне помнікаў. Мы ўшаноўваем тых, хто аддаў сваё жыцьцё сёньня ў гэтай вайне, падтрымліваем сем’і, прымаем шмат параненых, вельмі шмат перасяленцаў, гэта наш сёньняшні прыярытэт. А калі будзе перамога, тады будзем размаўляць. Усяму свой час».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG