Пасьля гэтай сустрэчы, усяго праз некалькі гадзін пасьля выступу з патрабаваньнем перадаць Грэнляндыю ЗША, Трамп напісаў, што дамовіўся з генэральным сакратаром NATO аб прынцыпах «зьдзелкі» па Грэнляндыі, якая, паводле яго слоў, паслужыць дабру ЗША і іх саюзьнікаў па NATO. Ён таксама адмовіўся ад плянаў увесьці пошліны супраць краін, якія выступілі супраць перадачы Грэнляндыі ЗША.
Па словах крыніц Радыё Свабода сярод эўрапейскіх дыпляматаў і супрацоўнікаў апарату NATO, на сустрэчы Трампа і Рутэ, насуперак паведамленьням шэрагу СМІ, не абмяркоўвалася пытаньне стварэньня ў Грэнляндыі вайсковых баз ЗША, на тэрыторыю якіх распаўсюджваўся б амэрыканскі сувэрэнітэт (на ўзор Кібры). Прадстаўнікі Даніі, аднак, праявілі гатоўнасьць да абмеркаваньня пытаньняў, не зьвязаных зь яе сувэрэнітэтам над востравам.
Гаворка ідзе ў прыватнасьці аб зьмене пагадненьняў з ЗША аб іх ваеннай прысутнасьці на востраве, што дазволіла б Вашынгтону накіроўваць у Грэнляндыю больш вайскоўцаў, чым цяпер. Данія, як паведамляецца, згодна з разьмяшчэньнем у Грэнляндыі элемэнтаў супрацьракетнай абароны ЗША. Таксама мяркуецца, што ЗША могуць атрымаць права адабрэньня замежных інвэстыцый у Грэнляндыі – каб перашкодзіць інвэстарам, зьвязаным з Кітаем ці Расеяй. Таксама абмяркоўваецца пытаньне асаблівага статусу для ЗША пры здабычы карысных выкапняў у Грэнляндыі.
Тое, што Трамп у апошні час казаў менавіта аб імкненьні атрымаць кантроль над Грэнляндыяй у сэнсе перадачы яе пад сувэрэнітэт ЗША, а таксама пагражаў пошлінамі, стала «апошняй кропляй» для многіх эўрапейскіх лідэраў, сьцьвярджае са спасылкай на крыніцы выданьне Politico. Адносіны з ЗША, а не толькі пытаньне Грэнляндыі, сталі тэмай нефармальнага саміту ЭЗ, які прайшоў у чацьвер. Лідэры, як сьцьвярджае выданьне, прыйшлі да высновы, што прырода адносінаў Эўропы і ЗША зьмянілася, і ЭЗ неабходна рабіць практычныя крокі для забесьпячэньня сваёй стратэгічнай аўтаноміі. Пры гэтым ніякіх канкрэтных рашэньняў на саміце прынята не было.
Форум