Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве безь цяпла застаюцца 1200 шматкватэрных дамоў


Мабільны пункт абагрэву, дзе жыхары Кіева могуць сагрэцца, папіць гарбаты, падсілкаваць тэлефоны і атрымаць дапамогу падчас адключэньня электрычнасьці і ацяпленьня. Дняпроўскі раён, Кіеў, 20 студзеня 2026 году
Мабільны пункт абагрэву, дзе жыхары Кіева могуць сагрэцца, папіць гарбаты, падсілкаваць тэлефоны і атрымаць дапамогу падчас адключэньня электрычнасьці і ацяпленьня. Дняпроўскі раён, Кіеў, 20 студзеня 2026 году

Па стане на вечар 23 студзеня каля 1200 шматкватэрных дамоў у Кіеве застаюцца без ацяпленьня пасьля расейскіх удараў 20 студзеня, паведаміў мэр гораду Віталь Клічко.

«Камунальнікі і энэргетыкі працягваюць працаваць над падачай цяпла ва ўсе будынкі, якія засталіся без цяпла», — напісаў ён у Тэлеграме.

Пасьля апошніх масіраваных абстрэлаў з боку Расейскай Фэдэрацыі ў энэргасыстэме Ўкраіны дзейнічае надзвычайнае становішча. У прыватнасьці, 20 студзеня Кіеў падвергнуўся чарговаму абстрэлу з боку расейскіх войскаў, у выніку чаго безь цяпла засталіся 5635 шматкватэрных дамоў.

З пачатку паўнамаштабнага ўварваньня ў лютым 2022 году Расея атакуе энэргетычную інфраструктуру Украіны. З пачатку восені 2025 году расейскія войскі ўзмацнілі абстрэлы ўкраінскага энэргетычнага сэктара.

Служба бясьпекі Ўкраіны кваліфікуе напады Расеі на ўкраінскую энэргетычную інфраструктуру як злачынствы супраць чалавечнасьці. СБУ раней адзначала, што з пачатку сёлетняга ацяпляльнага сэзону задакумэнтавала як мінімум 256 расейскіх авіяналётаў на аб’екты энэргетыкі і сыстэмы ацяпленьня Ўкраіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG