Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пасьля інцыдэнту з падзеньнем наледзі на дзяўчыну на загад пракуратуры пачалі чысьціць дахі будынкаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пракуратура Цэнтральнага раёну Менску абавязала камунальныя службы арганізаваць працу па ачыстцы дахаў будынкаў ад наледзі і ледзяшоў.

Як адзначаецца ў паведамленьні Генэральнай пракуратуры Беларусі, пракуроры выявілі, што арганізацыі, якія паводле сваёй кампэтэнцыі павінны абслугоўваць жылыя дамы і будынкі, не прымаюць дастатковых мераў па добраўпарадкаваньні і ўтрыманьні аб’ектаў па вуліцах Багдановіча, Інтэрнацыянальнай, Камсамольскай, Рэвалюцыйнай і Зыбіцкай у Менску ў цяжкай мэтэаралягічнай сытуацыі.

Па выніках праверкі пракуратура Цэнтральнага раёну Менску накіравала прадпісаньні на адрас дырэктараў абслугоўваючых арганізацый, у тым ліку камунальных службаў, у якіх патрабавала тэрмінова прыняць меры па ачыстцы дахаў і фасадаў будынкаў ад сьнегу, наледзі і ледзяшоў.

Увечары 20 студзеня камунальнікі Менску паведамілі, што на ачыстцы дахаў ад сьнегу і наледзі працуюць 16 адзінак тэхнікі і 129 рабочых.

17 студзеня каля гандлёвага цэнтру Dana Mall у Менску на 17-гадовую дзяўчыну звалілася глыба сьнегу і наледзі з даху будынку. Пацярпелая ў шпіталі. Для вызначэньня цяжкасьці траўмаў прызначаная судова-мэдычная экспэртыза.

Як паведамляюць сьледчыя, у момант здарэньня на даху гандлёвага цэнтру ішла ачыстка ад сьнегу і лёду. Пры гэтым месца, адкуль мог сыходзіць сьнег, належным чынам агароджана не было.

Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу за прычыненьне цялесных пашкоджаньняў па неасьцярожнасьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG