Беларуска, якая жыве ва Ўкраіне з 2018 году, пасьля гібелі на вайне свайго сужэнца, грамадзяніна Ўкраіны, зьвярнулася ў адмысловую камісію Міністэрства абароны краіны па аднаразовую грашовую дапамогу, аднак ёй адмовілі ў выплаце празь яе беларускае грамадзянства.
Як стала вядома Свабодзе зь інфармаваных крыніц, цяпер яна спрабуе праз суд дабіцца перагляду рашэньня.
Беларуска і ўкраінец зарэгістравалі свой шлюб у Горадні ў 2016 годзе, а ў 2018 сям’я пераехала ва Ўкраіну. У 2020 годзе грамадзянка Беларусі атрымала дазвол на сталае пражываньне на ўкраінскай тэрыторыі. Яе муж загінуў 30 кастрычніка 2024 году ў Бахмуцкім раёне Данецкай вобласьці.
Пры разглядзе яе заявы суд зьвярнуў увагу на тое, што ўрадавая пастанова забараняе выплату кампэнсацый сваякам, якія стала пражываюць у Беларусі і Расеі, а заяўніца мае дазвол на сталае пражываньне ва Ўкраіне і з 2019 году не выяжджала ў Беларусь.
На гэтай падставе суд прызнаў супрацьпраўным і скасаваў рашэньне камісіі Міністэрства абароны Ўкраіны і абавязаў паўторна разгледзець заяву беларускі з улікам высноў, зробленых судом.
Згодна з заканадаўствам, аднаразовую дапамогу ў сувязі зь гібельлю вайскоўцаў на фронце могуць атрымаць яго бліжэйшыя сваякі — бацькі, жонка і дзеці. Звычайна аднаразовую дапамогу дзеляць паміж гэтымі сваякамі ў роўных частках.
У выпадку з гэтай гісторыяй на дапамогу можа прэтэндаваць толькі маці загінулага ўкраінца і, уласна, жонка-беларуска, бо ў сям’і не было дзяцей. У выпадку рашэньня аб выплаце дапамогі грамадзянка Беларусі зможа атрымаць толькі палову сумы, нягледзячы на тое, што маці яе сужэнца пакуль не зьвярталася ў камісію Мінабароны па гэтым пытаньні.
Памер такой дапамогі складае 15 мільёнаў грыўняў (прыблізна 340 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС).
Раней адбываліся выпадкі звароту ў суд з аналягічнымі пазовамі ўкраінскіх грамадзянак, у якіх сужэнцы былі грамадзянамі Беларусі і загінулі, абараняючы тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.
Форум