На дзяржаўным тэлеканале СТВ у праграме Рамана Пратасевіча «Без прыкрыцьця» паказалі двух мужчын, якіх абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе і шпіянажы за несанкцыянаваны доступ да радыёчастотаў спэцыяльных службаў, вайсковых і авіяцыйных арганізацый для збору інфармацыі аб перамяшчэньнях Аляксандра Лукашэнкі і кіраўнікоў сілавых ведамстваў.
Тэлевізія паказала твары двух затрыманых і назвала іхныя імёны — Мікіта К. і Андрэй Р. Трэцяга «фігуранта» не паказалі, але назвалі і ягонае імя — Вячаслаў Б. Грамадзянства гэтых людзей, таксама агульную колькасьць фігурантаў справы не ўдакладнілі.
Затрыманыя нібыта працавалі пад выглядам «радыёклюбу» і дзякуючы далучэньню да службовых радыёчастот праслухоўвалі ўсе размовы, якія вяліся на вайсковых аэрадромах і пазыцыях сіл супрацьпаветранай абароны, у Міністэрстве абароны, МУС, Службе бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі, уключаючы дэталізацыю маршрутаў яго перамяшчэньня.
Паводле дзяржаўнай тэлевізіі, гэтую групу нібыта стварылі пры замежнай дапамозе, аднак не ўдакладнілі адкуль менавіта.
Затрыманыя нібыта шукалі і фіксавалі шыфры, пазыўныя і тэхнічныя парамэтры закрытых ведамасных каналаў, а атрыманыя зьвесткі публікавалі ў адкрытых каналах. Каму перадавалі гэтыя зьвесткі ў праграме таксама не прагучала.
- Улады неаднаразова выкарыстоўвалі Пратасевіча ў сваёй прапагандзе. Ён стварыў адмысловы тэлеграм-канал, пэўны час ён першым агучваў прозьвішчы палітвязьняў, якія былі памілаваныя. адзін час даручалі называць прозьвішчы палітвязьняў, якіх вызвалялі. Нядаўна Рамана Пратасевіча ўзялі вядоўцам на СТБ.
- Інцыдэнт з прымусовай пасадкай самалёта ў траўні 2021 года, калі затрымалі Пратасевіча, прывёў да міжнароднага скандалу, у выніку якога над Беларусьсю перасталі ажыцьцяўляць палёты многія эўрапейскія авіякампаніі, а для беларускіх самалётаў усе сумежныя краіны, акрамя Расеі, закрылі неба.
- У ліпені 2022 года сфарміраваная Радай Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) рабочая група выпусьціла справаздачу аб расьсьледаваньні інцыдэнту, у якім беларускія ўлады былі абвінавачаныя ў стварэньні ілжывай пагрозы для пасадкі борта і затрыманьня апанэнтаў рэжыму.
- «Пасьля разгляду вынікаў праверкі фактаў Рада ІКАО прызнала, што пагроза выбуху бомбы на борце FR4978 Ryanair была загадзя ілжывай, што падарвала бясьпеку рэйса, акрамя таго, гэтая пагроза была даведзеная да лётнага экіпажа па ўказаньні высокапастаўленых службовых асоб Беларусі», — падкрэсьлівалася ў паведамленьні арганізацыі.
- Лукашэнка назваў справаздачу аб інцыдэнце фальсыфікацыяй. Да гэтага ён рэкамэндаваў ІКАО «спусьціць усё на тармазах, не лезьці ў нетры».
Форум