Па стане на 15 студзеня 2026 году праваабаронцам з «Вясны» вядома не менш чым пра 163 палітвязьняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы.
Гэта людзі, якія маюць праблемы са здароўем, няпоўнагадовыя на момант зьдзяйсьненьня дзеяньняў, што ставяцца ім у віну, шматдзетныя і іншыя людзі ў цяжкіх сямейных абставінах, людзі, якія знаходзяцца на прымусовым псыхіятрычным лекаваньні ў закрытых установах.
Таксама ў гэты лік уваходзяць палітвязьні, якія дыскрымінуюцца паводле розных падставаў: інкамунікада, зьняволеныя, якія не выходзяць з-за кратаў, нават нягледзячы на тое, што тэрмін іх пакараньня сышоў.
За кратамі мінімум 56 чалавек знаходзіцца ў цяжкім стане фізычнага здароўя, сем чалавек маюць інваліднасьць, 26 сталых людзей, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх мае вялікія праблемы са здароўем), а таксама дзесяць чалавек з мэнтальнымі разладамі. Сярод палітзьняволеных — 34 чалавекі ў складаных сямейных абставінах: адзінокія і шматдзетныя бацькі, а таксама сем’і, дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі.
Найстарэйшы з палітвязьняў — 77-гадовы Міхаіл Ляпейка з Магілёву, які быў накіраваны на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным шпіталі за абразу Лукашэнкі.
«Для людзей з уразьлівых групаў зьняволеньне апынаецца яшчэ большым выпрабаваньнем, чым для астатніх. Да таго ж, яно яшчэ больш пагаршае стан іх здароўя праз нясвоечасова аказаную дапамогу, адсутнасьць рэгулярных мэдычных абсьледаваньняў, якія ім патрэбныя, недасяжнасьць патрэбных мэдычных сродкаў», — піша «Вясна».