Тое, што пачалося 28 сьнежня як асобныя дэманстрацыі з прычыны рэзкага росту інфляцыі і абвалу нацыянальнай валюты, цяпер на вуліцах і закрытых кірмашах па ўсёй краіне з насельніцтвам каля 92 мільёнаў чалавек перарасло ў сцэны, якія нагадваюць Ісламскую рэвалюцыю 1979 году. Толькі гэтым разам пратэстоўцы хочуць, каб ісламская палітычная эліта зьнікла.
Інфармацыйнае агенцтва праваабаронцаў (HRANA), якое базуецца ў ЗША, паведаміла пра гібель як мінімум 34 пратэстоўцаў і чатырох супрацоўнікаў службы бясьпекі, а таксама пра арышт 2200 чалавек у час закалотаў, што, на думку аналітыкаў, сьведчыць пра глыбокае расчараваньне грамадзтва шыіцкім статус-кво.
За апошнія содні пратэсты пашырыліся на новыя раёны сталіцы краіны Тэгерану і на паўночна-ўсходні горад Мэшхэд, другі велічынёй у краіне, а таксама на ўсё большую колькасьць правінцыйных цэнтраў і невялікіх гарадоў, такіх як Абадан на паўднёвым захадзе ці Баруджэн у цэнтральным Іране.
Відэа, апублікаваныя 8 студзеня на «Радыё Фарда», паказваюць масавыя пратэсты ў многіх раёнах іранскай сталіцы. Тым часам назіральнікі паведамляюць пра перабоі ў працы інтэрнэту па ўсёй краіне, што перашкаджала грамадзянам распаўсюджваць інфармацыю пра закалоты.
Фірма Cloudflare паведаміла пра падзеньне інтэрнэт-трафіку ў Іране ўвечары 8 студзеня на 90%.
Група Netblocks пацьвердзіла агульнанацыянальнае адключэньне сеціва ў Іране, грунтуючыся на адначасовых паказьніках. У краіне рэзка ўпаў паказьнік трафіку IPv6 (інтэрнэт-пратакол вэрсіі 6).
У некалькіх гарадах, у тым ліку ў Кермане на паўднёвым усходзе і Кашане ў цэнтральным Іране, дэманстранты павалілі або апаганілі статуі Касэма Сулеймані, галоўнага іранскага генэрала, які загінуў у выніку авіяўдару ЗША ў 2020 годзе. Гэта беспасярэдні выклік клерыкальнай сыстэме, якая зрабіла Сулеймані адным з сваіх галоўных пакутнікаў.
Раней, 7 студзеня, пратэстоўцы ў Мэшхэдзе сарвалі дзяржаўны сьцяг і парвалі яго на шматкі. Цяперашні сьцяг Ірану быў прыняты пасьля 1979 году, і крытыкі Ісламскай рэспублікі называюць яго сьцягам рэжыму, а не краіны.
Трывога бачная на вуліцах па ўсім Іране, яна перакінулася ў сямейныя суполкі ў WhatsApp і Telegram, дзе спрэчкі пра тое, «што будзе далей» і «каго падтрымліваць», сталі штодзённым і часта гарачым рытуалам, піша выданьне.
На пратэстах паўтараюцца лёзунгі, якія людзі скандавалі ў папярэднія дні: «Гэта не апошняя бітва!», «Сьмерць дыктатару!» і «Пэхлеві вернецца!» Яны заклікаюць зрынуць ісламісцкі рэжым і вярнуць у краіну дынастыю зрынутага ў 1979 годзе манарха.
Форум