Як вынікае з мапаў украінскіх маніторынгавых каналаў, сёньня ўначы ні дроны, ні ракеты, запушчаныя з Расеі, не перасякалі тэрыторыю Беларусі.
У ноч на 9 студзеня Ўкраіна апынулася пад моцным камбінаваным ударам расейскіх войскаў. Найбольш пацярпелі Кіеў і Львоўская вобласьць.
У Львове пасьля расейскай атакі не зафіксавалі перавышэньня радыяцыі
Мэр Львова Андрэй Садавы паведаміў аб пацэльваньні расейскіх ракет у аб’ект крытычнай інфраструктуры.
«Ці быў гэта „Арэшнік“, пакуль невядома. Інфармацыю дадуць вайскоўцы», — адзначыў Андрэй Садавы.
Паводле яго, інфармацыі аб пацярпелых пакуль няма. Цывільныя аб’екты і жылыя дамы таксама не пацярпелі.
Кіраўнік Львоўскай вобласьці Максім Казіцкі дадаў, што на месцы пацэльваньня хуткаснай расейскай ракеты правялі лябараторныя дасьледаваньні.
«Радыяцыйны фон у межах нормы. Перавышэньня шкодных рэчываў у паветры не знайшлі», — удакладніў ён.
Паводле львоўскіх уладаў, у рэгіёне пасьля расейскай атакі ёсьць праблемы ў забесьпячэньні газам — у паселішчы Рудна праз ударную хвалю спрацавала аўтаматычная сыстэма абароны. Дзеля бясьпекі падачу газу часова спынілі для 376 спажыўцоў. Абсталяваньне газавай сыстэмы, паводле папярэдніх ацэнак, не пашкоджанае.
У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што атакавалі Ўкраіну «Арэшнікам»
Паводле ведамства, гэта зрабілі нібыта «ў адказ на тэрарыстычную атаку кіеўскага рэжыму па рэзыдэнцыі прэздыдэнта Расейскай Фэдэрацыі ў Ноўгарадзкай вобласьці».
У Міністэрстве абароны Расеі сьцьвярджаюць, што і ракеты, і баявыя дроны пацэлілі нібыта ў аб’екты, на якіх выраблялі бесьпілётнікі для атакі рэзыдэнцыі Пуціна, а таксама энэргетычнай інфраструктуры.
Пра нібыта ўкраінскую атаку на валдайскую рэзыдэнцыю стала вядома з заявы міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова. Паводле яго, атака на рэзыдэнцыю Ўладзіміра Пуціна ў Ноўгарадзкай вобласьці адбылася ў ноч з 28 на 29 сьнежня.
Гэтую тэму Пуцін таксама абмяркоўваў з прэзыдэнтам ЗША — Дональд Трамп перад сустрэчай з прэм’ер-міністрам Ізраілю Біньямінам Нэтаньягу ў Флёрыдзе сказаў журналістам, што раззлаваны гэтым інцыдэнтам, але пазьней паведаміў, што ня верыць у гэтую атаку.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў гэтыя заявы Расеі «чарговай хлусьнёй».
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) таксама не знайшлі доказаў украінскага абстрэлу рэзыдэнцыі Пуціна на Валдаі. У справаздачы інстытуту за 30 сьнежня адзначаецца, што заявы расейскага боку не пацьвярджаюцца зьвесткамі з адкрытых крыніц: відэазапісаў зь геалякацыяй, кадрамі выбухаў або дыму паблізу аб’екту, а таксама камэнтарамі мясцовых уладаў, паведамленьнямі рэгіянальных СМІ аб пашкоджаньнях.
Апроч таго, аналітыкі зьвярнулі ўвагу на супярэчлівасьць нават у афіцыйных заявах МЗС і Міністэрства абароны Расеі.
Высновы ISW пацьвердзілі і мясцовыя жыхары. Як паведаміў Telegram-канал «Можем объяснить», жыхары Ноўгарадзкай вобласьці не атрымлівалі характэрных паведамленьняў аб пагрозе бесьпілётнікаў, а жыхары Валдаю ня чулі характэрных гукаў дронаў ці выбухаў у выніку пападаньня бесьпілётнікаў.
Сёлета ў жніўні паведамлялася, што рэзыдэнцыю прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна на Валдаі, дзе часта гасьцюе зь ягонымі сынамі іхная маці Аліна Кабаева, ахоўваюць 12 сыстэмаў супрацьпаветранай абароны, у тым ліку «Панцыр».
У Кіеве дзясяткі параненых, сярод загінулых — мэдык
Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што ў выніку расейскага абстрэлу дзясяткі параненых, чатыры чалавекі загінулі, у тым ліку адзін мэдык з брыгады, якая прыбыла на дапамогу на месца пацэльваньня і трапіла пад паўторны абстрэл расейскіх войскаў.
У Дзяржаўнай службе Ўкраіны ў пытаньнях надзвычайных сытуацыяў удакладнілі, што раненьні атрымалі 22 чалавекі, у тым ліку пяць ратаўнікоў.
У Кіеве ад абстрэлаў пацярпелі чатыры раёны, пашкоджаныя жылыя дамы і аб’екты інфраструктуры. У выніку ў сталіцы зноў пачаліся праблемы з электраэнэргіяй, цяплом і вадой.
У Кіеўскай вобласьці расейскія войскі атакавалі пяць раёнаў — Браварскі, Вышгарадзкі, Барыспальскі і Абухаўскі. Усюды пад ударам апынуліся прыватныя дамы. Пацярпелі чатыры чалавекі, у тым ліку 5-гадовае дзіця.
Праз расейскія абстрэлы па ўсёй Украіне энэргетычны каляпс
Намесьнік міністра энэргетыкі Мікола Калесьнік заявіў, што ў выніку расейскага абстрэлу ў ноч на 9 студзеня істотна пашкоджаныя аб’екты сыстэмы перадачы электраэнэргіі — падстанцыі і паветраныя лініі, а таксама аб’екты генэрацыі.
У Кіеве і Кіеўскай вобласьці без электраэнэргіі засталіся паўмільёна спажыўцоў. Безь сьвятла цалкам засталіся Славуціч, горад-спадарожнік Чарнобыльскай АЭС, і яшчэ прыблізна 3 тысячы спажыўцоў у Чарнігаўскай вобласьці.
Яшчэ больш за 1 000 паселішчаў, пераважна ў Чарнігаўскай Кіеўскай вобласьцях, засталіся без электраэнэргіі празь неспрыяльнае надвор’е.
Для стабілізацыі сытуацыі ў энэргасыстэме ў некалькіх рэгіёнах увялі графікі аварыйных адключэньняў, а ў большасьці рэгіёнаў адключаюць сьвятло пагадзінна.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпра, Кіева, Харкава, Адэсы і іншых месцаў. Дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя процілегламу боку тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ карпарацыі «Роснефть» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародзкай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі думку, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16–18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
- Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, у красавіку 2025 году апублікаваў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
- 1 чэрвеня на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- Улетку 2025 году прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі на асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася.
- У ноч на 7 верасьня расейскія войскі нанесьлі рэкордны ўдар па Ўкраіне — дзяржаву атакавалі 805 «Шахедаў» і дронаў-імітатараў. Загарэўся будынак ураду ў Кіеве.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум