Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі распрацавалі новую праграму аховы мяжы з Украінай


Беларуска-ўкраінская мяжа на мапе
Беларуска-ўкраінская мяжа на мапе

У дакумэнце канкрэтна не гаворыцца, пра які ўчастак мяжы вядзецца гаворка.

Новая Дзяржаўная інвэстыцыйная праграма прадугледжвае фінансаваньне інфраструктуры для электразабесьпячэньня тэхнічных сродкаў аховы Дзяржаўнай мяжы, заўважыў «Флагшток». У дакумэнце не пазначана, пра якую частку мяжы ідзе гаворка, але напісана, што гэта праект Мінэнэрга «на ўзгадненьне зь Берасьцейскім і Гомельскім аблвыканкамамі», з чаго вынікае, што ў праекце заплянаванае пераабсталяваньне мяжы з Украінай.

На стварэньне інфраструктуры для электразабесьпячэньня тэхнічных сродкаў аховы дзяржаўнай мяжы ў 2026 годзе выдзяляецца 2 млн 800 тыс. рублёў (амаль 950 тыс. даляраў) за кошт сродкаў дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага разьвіцьця.

Тэрмін рэалізацыі праекту: 2025–2028 гг. Асноўныя працы заплянаваныя на 2027 год, калі прагназуецца значнае павелічэньне фінансаваньня — да 66 млн руб. На 2028 год прадугледжваецца выдзяленьне 3 млн руб.

Пералік аб’ектаў у рамках гэтай праграмы вызначаецца Дзяржаўным памежным камітэтам Беларусі.

Канкрэтыка пакуль не вядомая, адзначае выданьне, якое вывучала дакумэнт. Дзяржзакупкі ў межах праекту яшчэ не абвясьцілі. Але пра пляны можна меркаваць па ўжо рэалізаваных праектах на іншых участках мяжы. Верагодна, размова ідзе пра сыстэму, якую ўводзяць у эксплюатацыю на заходняй мяжы.

Напрыклад, у Берасьці аб’яўлялі дзяржзакупку па аснашчэньні ўчастку мяжы валаконна-аптычнай сыгналізацыйнай сыстэмай аховы.

На гэты момант сотні кілямэтраў мяжы з Украінай застаюцца абсталяванымі па стандартах XX стагодзьдзя, але мадэрнізацыю некаторых участкаў у Берасьцейскай вобласьці ўжо пачалі з узьвядзеньня «разумных сыгналізацыйных комплексаў». Яны аснашчаныя валаконна-аптычнымі чуйнікамі і камэрамі відэаназіраньня з уманціраванымі цеплавізарамі. Становішча за маніторам кампутара адсочвае апэратар, якога сыстэма апавяшчае аб набліжэньні патэнцыйнага парушальніка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG