Штучны інтэлект ля Палацу спорту
У Менску, згодна з сайтам дзяржаўных закупаў, будуць тры пляцоўкі для сьвяточных захадаў. Каля Палацу спорту паставяць сцэну, дзе пройдуць канцэрты, а таксама пакажуць казку пра штучны інтэлект, які змагаецца са злым ведзьмаком.
«Праз кантраст вобразаў Штучнага інтэлекту і герояў з краіны Навагодніх паштовак „правесьці“ юнага гледача дарогай да мары, дзе халодны разьлік саступае месца цеплыні шчырых пачуцьцяў», — апісаная мэта казкі ў дакумэнтацыі да тэндэру на сайце дзяржаўных закупаў.
Галоўны герой ІІксік (штучны інтэлект) будзе ратаваць Новы год.
«ІІксіку трэба будзе навучыцца адчуваць, спачуваць і верыць у казку. Ён пазнаёміцца з сапраўднымі сябрамі, дапаможа ім выратаваць Новы год ад злога чараўніка, які хоча выкрасьці ўвесь сьвяточны настрой! А самае галоўнае — ІІксік зразумее, што самае каштоўнае ў сьвеце — гэта ня веды і альгарытмы, а цяпло чалавечых адносінаў, радасьць зносінаў і вера ў цуд!», — напісана ў дакумэнтацыі да тэндэру.
Апроч гэтага, каля Палацу спорту будзе канцэрт народных калектываў, фатазона, Дзед Мароз будзе браць інтэрвію ў мінакоў, каб яны змаглі павіншаваць горад зь сьвятамі. Працаваць пляцоўка пачне з 25 сьнежня, а скончыць працу 7 студзеня.
Каштаваць усё гэта будзе, згодна з тэндэрам, мінімум 840 000 рублёў. Спачатку заяўка была на 1 мільён, але ў некаторых тэндэрах аўкцыён не адбыўся. У гэты кошт ўваходзяць дэкаратыўныя канструкцыі, сьветлавое, відэапраекцыйнае і гукавое абсталяваньне, эфэкты.
Без фаервэрку, але з «Сакрэтам навагодняга настрою»
Яшчэ адну канцэртную пляцоўку ў сталіцы паставяць у Верхнім горадзе. Што канкрэтна там будзе адбывацца, у суправаджальных дакумэнтах да тэндэру на сайце дзяржаўных закупаў не паведамляецца. Вядома толькі, што ўсталююць сцэну, закупяць відэаапраекцыйнае і гукавое абсталяваньне. Каштаваць усё гэта будзе 620 790 рублёў. Назва шоў — «Сакрэты навагодняга настрою».
Трэцюю канцэртную пляцоўку ўсталююць у Ракаўскім дворыку. З дакумэнтаў закупу вынікае, што гэта будзе сцэна з пражэктарамі і экранам. Каштаваць усё будзе 120 000 рублёў.
Тэндэраў, якія б сьведчылі пра фаервэрк ад уладаў на Новы год у Менску, на сайце дзяржаўных закупаў мы не знайшлі. Яго не было і летась, пра што менскія ўлады паведамілі 31 сьнежня, за некалькі гадзін да надыходу Новага году. Не было яго і ў 2023 годзе.
У Горадні верталёт, у Гомлі — Саладуха
У Віцебску ўлады плянуюць шоў «Запалім ялінку разам», якое адбудзецца ў цэнтры гораду, на плошчы Перамогі. Шоў мае адбыцца 15 сьнежня, каштаваць будзе 12 672 рублі.
Таксама ў Віцебску з 25 сьнежня будзе працаваць канцэртная пляцоўка на плошчы Перамогі. Абсталяваньне, сцэнічныя канструкцыі і шоў абыдуцца ў 70 000 рублёў.
У Горадні 20 сьнежня адбудзецца шэсьце Дзядоў Маразоў і Сьнягурак з фаер-шоў. Каштаваць усё гэта будзе пад 100 000 рублёў, калі скласьці ўсе тэндэры разам, бо іх некалькі: выступ эстрадных калектываў, давоз гасьцей аўтобусамі, арганізацыя непасрэдна шэсьця і нават афармленьне конных экіпажаў. Для дапамогі ў транспартаваньні ноймуць нават верталёт Мі-8.
У Магілёве на плошчы Леніна 15 сьнежня пройдзе моладзевае навагодняе патрыятычнае шоў «Падняпроўе запальвае агні». Шоў таксама арганізуецца праз падачу некалькіх тэндэраў: абсталяваньне, канцэртная праграма, банэры. Усё разам, калі скласьці ўсе тэндэры, абыдзецца мінімум у 100 000 рублёў,.
У Гомлі агні на ялінцы на плошчы Леніна абяцаюць запаліць 13 сьнежня, тады ж адбудзецца шэсьце Дзядоў Маразоў і Сьнягурак. На сайце дзяржаўных закупаў усяго некалькі тэндэраў, датычных сьвяткаваньня ў Гомлі. Гэта ўсталяваньне і мантаж абсталяваньня і непасрэдна шэсьце Дзядоў Маразоў. З тэндэраў вынікае, што каштаваць гэта будзе некалькі дзясяткаў тысяч рублёў, калі іх скласьці разам.
У навінах жа абяцаюць больш за 2000 казачных пэрсанажаў, якія прымуць удзел у шэсьці, таксама там выступіць гурт «„Божья коровка“. А ў навагоднюю ноч на плошчы засьпявае Аляксандар Саладуха.
Форум