Вітаю, дружа!
Натуральна, я таксама глядзеў рэпартажы пра апошняе вызваленьне палітвязьняў і чытаў камэнтары, сэнс якіх зводзіцца да аднаго — да даверу-недаверу. Колькі шчырае радасьці выклікалі словы Максіма Знака, які гаварыў і дзякаваў прэзыдэнту Зяленскаму па-беларуску. Гэтая радасьць і ёсьць — адкрыцьцё даверу да свайго.
Давер як фактар бясьпекі
Ты пытаесься, ці не пагоршыліся апошнім часам адносіны літоўцаў да беларусаў. Пагоршыліся, але ня з боку людзей, літоўцаў, а з боку функцыянэраў, якія вырашаюць, працягнуць табе дазвол на жыхарства ці не. І тут зноў тая самая гісторыя — пра давер-недавер. І быццам няма як гэты давер намацаць, вызначыць, ператварыць у фактар бясьпекі. Урэшце і адказ атрымліваецца той самы — мова.
Мабыць, ты заўважаеш, як паменела ў Беларусі даверу, асабліва на афіцыйным узроўні
Я шмат разоў і ў розных сытуацыях сутыкаўся з той самай шчырай радасьцю літоўцаў, якія чулі, як беларусы гавораць міжсобку па-беларуску. Расейская мова тут — бясспрэчна ня знак даверу. А беларуская ня мае ніякага, нават нефармальнага статусу, нават умоўнага — напрыклад, «мова суседа» ці хоць бы «мова ня ворага» — які мог бы служыць маркерам «свайго чалавека».
Мова — важны знак, мы заўсёды гэта адзначалі, калі ў Беларусь прыяжджаў зь візытам важны літоўскі госьць і пачынаў свой выступ прынамсі з прывітаньня па-беларуску. Хтосьці расейскамоўны мог гэтага не разумець, але гэта быў знак даверу. Менавіта так гэта ўспрымалі беларускамоўныя беларусы.
І адваротная сытуацыя — сёлетнія візыты менскага дыктатара ў Кіргізстан, дзе гаспадары падрыхтавалі яму прывітаньне па-беларуску, на што ён толькі буркнуў расейскае «спасибо». Гэта прагучала як падкрэсьленае адмаўленьне даверу, маўляў, палітыка — брудная справа і ніякіх сантымэнтаў у нас быць ня можа. Мабыць, ты заўважаеш, як паменела ў Беларусі даверу, асабліва на афіцыйным узроўні. Давер там — ня фактар.
Недавер з усіх бакоў
У Беларусі жорсткая палітыка русыфікацыі цяпер на найвышэйшым сваім піку за ўсю гісторыю. Увесь палітычны рэпрэсіўны і прапагандысцкі рэжым да апошняга чалавека расейскамоўны. Выключэньняў ня можа быць. Беларускамоўнасьць яны ўспрымаюць як таўро нязгоды і знак ворага. Беларускамоўныя ў масе сваёй мусілі ўцякаць за мяжу — у Літву, Польшчу і далей па сьвеце. І тут, у Літве, атрымліваецца, што яны нібы аўтаматам прыроўніваюцца да расейскамоўных. Хоць самой прыродай сваёй яны — як літоўцы пад саветамі, толькі ў нашмат горшых абставінах.
Таму ў дылеме даверу-недаверу першы фактар губляецца, бо губляецца беларуская мова, зь якой жывуць у Літве многія беларускія сем’і. Але на афіцыйным узроўні яна залучаецца ў расейскамоўнасьць. З адпаведнымі наступствамі.
Каго любіш?
Мне цяжка ўявіць сабе ў Літве беларускамоўнага агента КГБ, дывэрсанта ці нават проста «мутнага» чалавека. Бо беларускамоўны — гэта чалавек зь місіяй, ужо сваёй мовай ён варожы для палітычнага рэжыму як у Менску, так і ў Маскве. Часта гэта чалавек, заслужаны для беларушчыны. Урэшце, у беларускім асяродзьдзі такі «агент» хутка распазнаецца як ня свой.
Цяжка ўявіць сабе ў Літве беларускамоўнага агента КГБ
Давер, вядома, гэта не пагон на плячах, як у дыктатарскіх рэжымах. Гэта, як казалі паўстанцы ХІХ стагодзьдзя, што супрацьпастаўлялі сябе маскалям, чалавек з сэрцам. Часу, вядома, мінула шмат, але давер як каштоўнасьць ня стаў важыць менш. Іншая рэч, што яго трэба ня страціць, а зьберагаць. І ўжываць на практыцы, як каштоўны інструмэнт нашага сёньняшняга паразуменьня, якому бракуе статуснасьці.
У тых паўстанцаў, паплечнікаў Каліноўскага ды Серакоўскага, быў свой пароль: запыт — адказ. Зусім як сёньня ў пытаньня «Чый Крым?» Яны пыталіся: «Каго любіш?» і адказвалі: «Люблю Беларусь».
Пішы, што ты пра гэта думаеш.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум