Інстытут разьвіцьця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Ўсходняй Эўропы пры падтрымцы Фонду Адэнаўэра 12 сьнежня правёў у Варшаве канфэрэнцыю «Беларусь у цені „Русского мира“: выклікі і адказ грамадзянскай супольнасьці».
Найбольш вострая дыскусія разгарэлася па пытаньні, якое выглядае трохі бакавым адносна тэмы форуму. У грамадзянскай супольнасьці вельмі мала рэсурсаў і мэханізмаў, каб процідзейнічаць наступу «Русского мира». Можа таму спрэчкі разгарэліся ў асноўным наконт стратэгіі і тактыкі дэмакратычных сілаў. А таксама па праблеме слушнасьці палітыкі Эўразьвязу адносна Беларусі.
З 2020 году палітычная лінія каманды Сьвятланы Ціханоўскай і ЭЗ была сынхроннай, зразумелай, не выклікала вялікіх супярэчнасьцяў дэмакратычнай супольнасьці. Здавалася, варта моцна націснуць на рэжым Лукашэнкі, набрацца цярпеньня і ўсё пераменіцца.
Прайшло пяць гадоў. Сытуацыя ў Беларусі і вакол яе выглядае тупіковай. Пэрспэктывы дэмакратычнай і незалежнай Беларусі выглядаюць змрочнымі. Расьце залежнасьць ад Расеі. Сацыёлягі даводзяць, што павялічваецца падтрымка рэжыму з боку насельніцтва.
Калі няма вынікаў, то гэта непазьбежна выклікала нарастаньне супярэчнасьцяў у дэмакратычнай супольнасьці. І ў асяродзьдзі экспэртаў узьнікае ўсё больш пытаньняў адносна правільнасьці жорсткай лініі ЭЗ у дачыненьні афіцыйнага Менску, у прыватнасьці пра тое, наколькі эфэктыўна працуе палітыка санкцый. Тым больш, што ЗША пачалі перамоўны працэс з Аляксандрам Лукашэнкам, і ёсьць пазытыўны вынік: пачалося вызваленьне палітвязьняў, хоць і ў выглядзе выгнаньня іх за мяжу.
Сутыкнуліся два падыходы, дзьве тактыкі адносна стаўленьня да рэжыму Лукашэнкі. Галоўны вадаразьдзел палягае ў тым, ці варта працягваць жорсткую лінію, санкцыйны ціск, ці трэба мяняць палітыку Захаду і шукаць нейкія кампрамісныя варыянты.
Прыхільнікі другога падыходу закідваюць ЭЗ тое, што Брусэль, маўляў, не мае стратэгіі адносна Беларусі. Няма нейкай адной структуры ў кіроўных органах Эўразьвязу, якая б адмыслова займалася краінай. У ЭЗ ёсьць спэцпрадстаўнікі па краінах Афрыкі, Азіі, але няма чыноўніка, які б адказваў за беларускае пытаньне. Казалася пра тое, што мэта — дэмакратызацыя Беларусі — не карэлюе з сродкамі, бо санкцыі ня могуць прывесьці да дэмакратызацыі. У ЭЗ няма мэханізму ацэнкі эфэктыўнасьці палітыкі і яе карэкціроўкі, калі яна не дае плёну. У выніку палітычная лінія Эўразьвязу становіцца нерацыянальнай.
Некаторыя экспэрты лічаць, што сярод эўрапейскіх палітыкаў сфармавалася ўяўленьне, амаль у выглядзе нейкага культу, магчыма, міту, што нельга дапусьціць легітымацыі Лукашэнкі і яго рэжыму, таму яны адмаўляюцца ўступаць з ім у перамовы. Гэта асабліва бачна ў пазыцыі палітычнага кіраўніцтва Літвы. Беларускі ўладар стаў настолькі таксычным, што эўрапейскія палітыкі баяцца кантактаў зь ім, каб не сапсаваць сваю рэпутацыю.
У выніку жорсткі падыход вядзе да таго, што санкцыі ўсё часьцей б’юць не па рэжыме, а па беларусах. Сьціраецца мяжа паміж дзяржавай і грамадзтвам, гуманітарныя пытаньні (вызваленьне палітвязьняў) застаюцца на пэрыфэрыі ўвагі. А дэмакратычныя лідэры баяцца жорстка ставіць пытаньне падчас перамоваў з эўрапейскімі палітыкамі. У выніку такой палітыкі, Беларусь усё больш выштурхоўваецца ў Расею, у беларускім грамадзтве растуць прарасейскія настроі. Адзін з выступоўцаў паставіў пытаньне так: калі ЭЗ ня будзе весьці дыялёг з Лукашэнкам, то з заканчэньнем вайны ва Ўкраіне санкцыі адменяць, а палітвязьні застануцца.
Аднак іншыя ўдзельнікі канфэрэнцыі даволі пасьлядоўна крытыкавалі прапановы па зьмякчэньні падыходаў да рэжыму Лукашэнкі. Яны казалі, што нельга падмяняць стратэгічныя інтарэсы тактычнымі. Бо паварот Лукашэнкі ў бок Расеі адбыўся ня ў выніку заходніх санкцый. Наадварот, санкцыі сталі пакараньнем за падтрымку Менскам расейскай агрэсіі супраць Украіны. Адзін экспэрт заўважыў, што сусьветны досьвед паказвае: калі санкцыі адмяняюцца безь перамен у дыктатарскай краіне, то пра пэўны час іх вымушаны зноў уводзіць. Было адзначана, што цяперашняе вызваленьне палітвязьняў — гэта эфэкт назапашаных папярэдніх санкцый.
Экспэрты даводзілі, што адсутнасьць стратэгіі ЭЗ адносна Беларусі, адмова ад перамоваў з рэжымам часткова абумоўлена тым, што мінімізавалася суб’ектнасьць Беларусі. Калі Лукашэнка стаў васалам Пуціна, то які сэнс весьці зь ім дыялёг? Прыводзіўся прыклад, што калі ў 2008, 2015 гадах беларускі ўладар сапраўды быў зацікаўлены ў дыялёгу з Захадам, то хутка выпусьціў зь вязьніцы ўсіх палітвязьняў. Бо тады ён адчуваў пагрозу сваёй уладзе з боку Расеі, а дыялёг з Захадам дазваляў яе захаваць. Цяпер усё наадварот, Масква выступае гарантам ягонай улады. А санкцыі — гэта ня толькі інструмэнт дэмакратызацыі, але і пакараньне за тое, што робіць рэжым. А таксама сыгнал тым палітыкам, якія прыйдуць да ўлады пасьля Лукашэнкі, маўляў, хочаце адмены санкцый — мяняйце палітыку.
Гледзячы па ўсім, дыскусіі, спрэчкі, супярэчнасьці паміж двума гэтымі падыходамі будуць толькі нарастаць, бо час ідзе, а зьмястоўных пераменаў у краіне няма.
Форум