Пра гэта паведаміў эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.
Гэта разглядаецца як першы крок на шляху да выкарыстаньня расейскіх актываў у якасьці забесьпячэньня для выплаты Ўкраіне крэдыту, які яна, як мяркуецца, зможа пасьля вярнуць са сродкаў, якія на яе аднаўленьне выплаціць Расея.
Амбасадары краін ЭЗ прагаласавалі за тое, каб перадаць Эўрапейскай камісіі надзвычайныя паўнамоцтвы, якія дазволяць захоўваць расейскія актывы замарожанымі на нявызначаны тэрмін. Цяпер да гэтых актываў прымяняюцца звычайныя правілы — іх замарозку неабходна падаўжаць кожныя шэсьць месяцаў, прычым аднагалосна.
Новы мэханізм, не зьяўляючыся канфіскацыяй актываў, дазволіць адысьці ад рызыкі неабходнасьці вяртаць актывы, калі нейкая з краін, напрыклад Вугоршчына, не прагаласавала б за працяг замарозкі.
Каб замарозіць расейскія актывы бестэрмінова, Нямеччына і іншыя краіны ЭЗ абапіраюцца на артыкул 122 дамовы аб функцыянаваньні Эўразьвязу. Яна прадугледжвае прыняцьце захадаў кваліфікаванай большасьцю ў выпадку ўзьнікненьня сур’ёзных эканамічных цяжкасьцяў, адзначае Deutsche Welle.
Гэта, на думку камэнтатараў, адкрывае шлях да магчымага выкарыстаньня актываў у якасьці закладу для так званага рэпарацыйнага крэдыту. Гэты мэханізм можа быць ухвалены, як сьцьвярджаецца, кваліфікаванай большасьцю галасоў краін ЭЗ, а не аднагалосна.
Бэльгія, дзе заблякаваная большая частка расейскіх актываў, афіцыйна па-ранейшаму выступае супраць, хоць яе прадстаўнікі прызнаюць, што ў нейкі момант расейскія актывы ўсё ж трэба будзе выкарыстоўваць для мэтаў падтрымкі Ўкраіны. Прэмʼер-міністар Бэльгіі Барт дэ Вэвэр запатрабаваў гарантаваць агульную адказнасьць усіх краін ЭЗ за магчымыя рызыкі і забясьпечыць наяўнасьць дастатковых фінансавых гарантый. У Брусэля ёсьць і іншыя ўмовы.
СМІ паведамлялі, што супраць «рэпарацыйнага крэдыту» выступаюць і Злучаныя Штаты, якія прапануюць выкарыстоўваць частку расейскіх сродкаў на аднаўленьне Ўкраіны — пры пасярэдніцтве амэрыканскіх кампаній.
Чакаецца, што рашэньне аб рэпарацыйны крэдыце можа быць прынятае на сустрэчы лідэраў краін ЭЗ на наступным тыдні. У Расеі прыраўноўваюць гэтую меру да канфіскацыі актываў і папярэджваюць аб захадах у адказ.
Форум