Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская на ўручэньні Нобэлеўскай прэміі міру: Супраціў дыктатуры — агульная, глябальная задача


Сьвятлана Ціханоўская ў Осьлё 10 сьнежня з партрэтам Алеся Бяляцкага
Сьвятлана Ціханоўская ў Осьлё 10 сьнежня з партрэтам Алеся Бяляцкага

Сьвятлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі міру 10 сьнежня ў Осьлё (Нарвэгія). Яна была запрошаная ляўрэатам прэміі за 2025 год Марыяй Карынай Мачада (Вэнэсуэла), паведаміла прэс-служба дэмлідэркі.

«Я сёньня ў Осьлё, на цырымоніі Нобэлеўскай прэміі, якую атрымлівае Марыя Карына Мачада. Марыя Карына сьмела і ўпарта змагаецца з тыраніяй у Вэнэсуэле і як ніхто іншы заслугоўвае гэтай узнагароды», — адзначыла палітык.

Ціханоўская падкрэсьліла, што барацьба Мачада важная ня толькі для Вэнэсуэлы, «яна нагадвае нам усім: супраціў дыктатуры — гэта агульная, глябальная задача», перадае «Позірк».

Людзі ў Беларусі праходзяць той самы шлях — праз рэпрэсіі, страх і гвалт, сказала дэмлідэрка.

«І сёньня мы згадваем Алеся Бяляцкага, нашага нобэлеўскага ляўрэата, які застаецца ў зьняволеньні. Мы працягваем змагацца за яго і за ўсіх беларускіх палітвязьняў», — падкрэсьліла Ціханоўская, на тэчцы якой была разьмешчана выява Бяляцкага.

Яна выказала ўпэўненасьць, што «праўда пераможа», «і Беларусь, і Вэнэсуэла будуць свабодныя».

У дзень абвяшчэньня імя ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру 10 кастрычніка Ціханоўская адрасавала Мачада віншаваньні.

«Ваша мужнасьць, непахісная адданасьць каштоўнасьцям свабоды і самаахвярнасьць у барацьбе за дэмакратыю натхняюць мільёны людзей па ўсім сьвеце. Гэтая ўзнагарода — прызнаньне нязломнага духу і веры ў сілу вэнэсуэльскага народа. Я захапляюся нашым сяброўствам і шаную яго. Разам мы пераадолеем усё!» — адзначыла тады дэмлідэрка.

Прэс-служба Ціханоўскай тады заявіла, што палітык «падтрымлівала сувязь з Марыяй Карынай Мачада на працягу апошняга году», яны «стэлефаноўваліся, перапісваліся, а таксама выступалі на сумесных мерапрыемствах».

У 2022 годзе Нобэлеўская прэмія міру была прысуджаная заснавальніку і кіраўніку беларускага праваабарончага цэнтра «Вясна», палітвязьню Алесю Бяляцкаму, расійскай арганізацыі «Мэмарыял» і ўкраінскаму Цэнтру грамадзянскіх свабодаў.

Бяляцкі, яго намесьнік і віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч 3 сакавіка 2023 году былі асуджаныя ў рамках палітычна матываванай справы на 10, 9 і 7 гадоў пазбаўленьня волі адпаведна.

Сёлета 30 студзеня стала вядома, што на Нобэлеўскую прэмію міру намінаваны беларускі палітык, палітвязень Мікалай Статкевіч. Адпаведная прапанова была зробленая дэпутатам Эўрапейскага парлямэнту ад Літвы Пятрасам Аўштравічусам.

У 2021 і 2022 гадах на Нобэлеўскую прэмію міру была намінаваная Сьвятлана Ціханоўская.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG