Reuters піша, што 58-гадовая Мачада мела атрымаць узнагароду на цырымоніі ў мэрыі Осла ў прысутнасьці караля Гаралда, каралевы Соні і лацінаамэрыканскіх лідэраў, у тым ліку прэзыдэнта Аргентыны Хавіера Мілея і прэзыдэнта Эквадору Даніеля Набоа.
Цырымонія пачнецца а 13:00 (15:00 менскага часу).
«Нягледзячы на тое, што яна ня зможа прысутнічаць на цырымоніі і сёньняшніх захадах, мы вельмі радыя пацьвердзіць, што яна ў бясьпецы і што яна будзе з намі ў Осла», — гаворыцца ў заяве інстытуту пад загалоўкам «Марыя Мачада прыедзе ў Осла».
Цырымонія адбудзецца ў кожным разе. Калі ляўрэат ня можа прысутнічаць, нехта зь ягоных блізкіх прымае прэмію і чытае Нобэлеўскую лекцыю замест яго.
У гэтым выпадку прадстаўляць ляўрэатку будзе яе дачка Ана Карына Соса Мачада, паведаміў раней Нобэлеўскі інстытут.
Калі Марыя Мачада будзе ў Осла, не паведамляецца.
Яна знаходзіцца пад дзесяцігадовай забаронай на выезд, уведзенай уладамі яе роднай краіны, і больш за год хаваецца.
У 2022 годзе ня змог асабіста быць на такой жа цырымоніі беларускі ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, які застаецца за кратамі паводле палітычна матываванага выраку. Замест яго прэмію атрымала ягоная жонка Натальля Пінчук.
Форум