Ужо сёньня: Дзень Герояў у гонар пачатку баёў Слуцкага збройнага чыну

Падзеі 27 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Даты дня

27 лістапада беларусы неафіцыйна адзначаюць Дзень Герояў у гонар пачатку Слуцкага збройнага чыну. 26 і 27 лістапада 1920 году прайшлі першыя баі паміж беларускімі і савецкімі войскамі. 27 лістапада быў бой каля вёскі Васільчыцы.

Гэты дзень у гісторыі

1095 — папа Урбан II абвясьціў Сьвятую вайну супраць ісламу на Сьвятой зямлі, што стала пачаткам Першага крыжовага паходу.

1815 — расейскі імпэратар Аляксандар I даў Канстытуцыю Царству Польскаму. Царства ўваходзіла ў склад Расейскай імпэрыі, але атрымала ўласныя сойм, войска, адміністрацыю і пэўныя грамадзянскія свабоды. Пасьля паразы польскага паўстаньня 1830–1831 гадоў гэтая аўтаномія была абмежаваная.

1859 — у Менску і Бабруйску адкрытыя паштова-тэлеграфныя станцыі, злучаныя першай у Беларусі тэлеграфнай лініяй.

1895 — Альфрэд Нобэль падпісаў свой тэстамэнт, паводле якога большая частка ягонай маёмасьці павінна была пайсьці на заснаваньне міжнародных прэміяў за выдатныя дасягненьні ў фізыцы, хіміі, мэдыцыне, літаратуры і ўмацаваньні міру.

Мэдаль Нобэлеўскай прэміі
Мэдаль Нобэлеўскай прэміі

1918 — шэсьць прадстаўнікоў Віленскай беларускай рады ўвайшлі ў склад Літоўскай дзяржаўнай рады — Тарыбы. Гэта былі Вацлаў Ластоўскі, Іван Луцкевіч, Ян Станкевіч, ксёндз Уладзіслаў Талочка, Казімер Фалькевіч і Дамінік Сямашка. Беларуская рада выступала за стварэньне незалежнай беларуска-літоўскай фэдэрацыі, у якой беларуская і літоўская часткі мелі б аўтаномію.

«Большасьць беларускіх дзеячаў ішла на супрацоўніцтва зь літоўцамі з надзеяй захаваць беларускую дзяржаўнасьць хоць бы ў форме канфэдэрацыі Беларусі і Літвы», — пісаў у «Нарысе гісторыі Беларусі» Захар Шыбека.

1988 — у Магілёве створаная філія гісторыка-асьветнага таварыства «Мартыралёг Беларусі», якое ставіла за мэту вярнуць памяць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

1996 — Аляксандар Лукашэнка загадаў спыніць дзейнасьць Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня пасьля спрэчнага рэфэрэндуму 24 лістапада.

1996 — з тэрыторыі Беларусі выведзены апошні эшалён зь міжкантынэнтальнымі ядзернымі ракетамі. Перадача ядзерных боегаловак Расеі завяршылася некалькімі днямі раней. Беларусь стала бязьядзернай дзяржавай. Аднак у 2023 годзе Расея абвясьціла пра разьмяшчэньне ў Беларусі сваёй тактычнай ядзернай зброі, а ў канцы 2025 году — ракетнага комплексу «Арэшнік», здольнага несьці ядзерныя боегалоўкі. Зрэшты, незалежных пацьверджаньняў гэтым заявам няма.

2017 — спынены крымінальны перасьлед у справе „Белага легіёну“. Увесну таго году дзясяткі людзей былі затрыманыя напярэдадні Дня Волі. Улады абвінавачвалі іх у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня. Справа развалілася, не дайшоўшы да суду.

2020 — упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка вынес афіцыйнае папярэджаньне Беларускай праваслаўнай царкве. Папярэджаньне прагучала на фоне канфлікту паміж уладамі і сьвятарамі, якія асудзілі гвалт супраць удзельнікаў пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. БПЦ прыграізілі ліквідацыяй у выпадку паўторных парушэньняў.

2025 — затрыманыя арт-мэнэджэры Алег Ларычаў, арганізатар вядомага фэстывалю вулічнага мастацтва Urban Myths, і Сямён Малашэнкаў. Іх перасьлед зьвязаны з абвінавачаньнямі ў дзейнасьці культурніцкай ініцыятывы «Да зораў», якую ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». У лістападзе 2026 году Ларычава асудзілі на 7 гадоў, а Малашэнкава — на чатыры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.ma

У гэты дзень нарадзіліся

1669 — нарадзіўся Караль Станіслаў Радзівіл, канцлер ВКЛ.

1701 — Андэрс Цэльсіюс, швэдзкі астраном, геоляг і мэтэароляг, які ў 1742 годзе прапанаваў стоградусную тэмпэратурную шкалу. Першапачаткова яна была адваротнай да сучаснай: тэмпэратура кіпеньня вады пазначалася нулём, а замярзаньня — 100 градусамі. Пасьля сьмерці навукоўца шкалу перавярнулі, і ў такім выглядзе яна стала адной з найбольш пашыраных у сьвеце.

1867 — Іван Жалтоўскі, архітэктар, акадэмік, які нарадзіўся на Піншчыне. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў нэаклясыцызму ў архітэктуры XX стагодзьдзя.

1874 — у Моталі, цяпер у Янаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці, нарадзіўся Хаім Вайцман, першы прэзыдэнт Ізраілю.

Хаім Вайцман
Хаім Вайцман

Хаім нарадзіўся ў сям’і службоўца, які арганізоўваў сплаў лесу, і быў у бацькоў трэцім дзіцем з 15. Сям’я пазьней пераехала ў Пінск, дзе Хаім Вайцман скончыў Пінскую рэальную вучэльню. Пасьля вучыўся ў Нямеччыне, выкладаў у Жэнэве і Манчэстэры. Урэшце ўзначаліў Усясьветную сіянісцкую арганізацыю, стаў на чале нацыянальнага габрэйскага руху ў Палестыне, прадстаўляў пазыцыю сіянісцкай арганізацыі ў ААН перад прыняцьцем рэзалюцыі пра падзел Палестыны.

У 1949 годзе быў выбраны прэзыдэнтам Ізраілю, прабыў на пасадзе да сьмерці ў першы год другога тэрміну прэзыдэнцтва.

1900 — Рыгор Пукст, беларускі кампазытар, хормайстар.

1900 — Вячаслаў Лаўскі, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч. Ён уваходзіў у кіраўніцтва Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў і працаваў сакратаром Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Загінуў у ГУЛАГу ў 1951-м.

1903 — Піліп Пестрак, беларускі паэт, празаік, публіцыст, крытык.

Максім Танк, Пімен Панчанка, Піліп Пестрак на ІІ зьезьдзе Саюзу пісьменьнікаў СССР. Масква, 1954 год
Максім Танк, Пімен Панчанка, Піліп Пестрак на ІІ зьезьдзе Саюзу пісьменьнікаў СССР. Масква, 1954 год

1921 — Уладзімер Тарасевіч, беларускі ўніяцкі біскуп, манах-бэнэдыктынец, доктар тэалёгіі.

1929 — Норбэрт Рандаў, нямецкі славіст, беларусазнавец, перакладнік і выдавец. Ён укладаў зборнікі беларускай прозы і перакладаў творы беларускіх пісьменьнікаў. Сярод ягоных праектаў — выданьні беларускай клясыкі і праца над нямецкім перакладам аповесьці Максіма Гарэцкага «Дзьве душы», які выйшаў ужо пасьля сьмерці перакладніка.

1938 — Зоя Літвінава, беларуская мастачка.

1947 — Эдуард Белагураў, беларускі мастак.

1947 — Анатоль Цітоў, беларускі гісторык, геральдык. У 1991 годзе ўдзельнічаў у працы над дзяржаўнымі сымбалямі незалежнай Беларусі.

Анатоль Цітоў
Анатоль Цітоў

1953 — Барыс Грабеншчыкоў, расейскі паэт і музыка. 9 ліпеня 2021 году адваката Дзмітрыя Лаеўскага, які абараняў Віктара Бабарыку, выключылі зь Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў. Свой апошні працоўны дзень ён завяршыў песьняй БГ пра сумленьне і вернасьць сабе — «25 к 10». 9 верасьня 2026 году Лаеўскага асудзілі на тры гады зьняволеньня за ягоныя публічныя выказваньні і інтэрвію.

У памяці

1895 — Аляксандар Дзюма-сын, францускі пісьменьнік.

1932 — Дамінік Сямашка, польскі, беларускі і літоўскі палітычны дзяяч. Выступаў за аднаўленьне ВКЛ у межах 1772 году з значнай аўтаноміяй для беларусаў.

1938 — у Менску расстраляны Сымон Рак-Міхайлоўскі, пэдагог, публіцыст, палітык, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст. і 1920–1930-х у Заходняй Беларусі, вязень польскіх турмаў, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў. Аўтар музыкі да вершу Максіма Багдановіча «Зорка Вэнэра».

1973 — Мікола Дэмух, удзельнік паваеннага збройнага антысавецкага Супраціву 1940-х, вязень савецкіх турмаў.

1990 — Восіп Любіч, францускі мастак беларускага паходжаньня.

2021 — ад наступстваў каранавірусу памёр Раман Якаўлеўскі, беларускі журналіст, палітычны аналітык.

Раман Якаўлеўскі
Раман Якаўлеўскі

2021 — Мікола Мятліцкі, беларускі паэт, перакладчык, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы.

​
XS
SM
MD
LG