Ва Ўкраіне заявілі аб пацэльваньні па Разанскім НПЗ і вайсковых аб’ектах Расеі на акупаваных тэрыторыях

Адна з папярэдніх атак Украіны на Разанскі НПЗ, студзень 2024 году
Адна з папярэдніх атак Украіны на Разанскі НПЗ, студзень 2024 году

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі аб пацэльваньні па Разанскім нафтаперапрацоўчым заводзе і яшчэ некалькіх вайсковых аб’ектах Расеі, што знаходзяцца на акупаваных расейскімі войскамі тэрыторыях Украіны.

«Зафіксаваныя шматлікія выбухі і значны пажар на тэрыторыі аб’екту», — адзначаецца ў паведамленьні Генштабу Ўкраіны.

Апроч таго, украінскія вайскоўцы пацэлілі ў радыёлякацыйную станцыю «Неба-У» на тэрыторыі акупаванага Расеяй Крыму, у расейскі вайсковы эшалён у раёне Такмаку Запароскай вобласьці, а таксама па засяроджаным войску паблізу захопленага Расеяй Ваўчанску Харкаўскай вобласьці.

Губэрнатар Разанскай вобласьці Павел Малкаў раніцай паведамляў, што ўначы над рэгіёнам нібыта зьнішчылі 25 украінскіх дронаў. Паводле яго, праз падзеньне аскепкаў адбылося ўзгараньне на тэрыторыі аднаго прадпрыемства. У той жа час, ён не ўдакладніў, які прамысловы аб’ект пацярпеў. Адзначыў толькі, што ў выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў.

У Міністэрстве абароны Расеі не камэнтуюць пацэльваньні ўкраінцаў па вайсковых аб’ектах на акупаваных тэрыторыях Украіны.

​
XS
SM
MD
LG