Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Узброеных сілаў Беларусі заявіў аб магчымым удзеле беларускіх міратворцаў ва Ўкраіне

Беларуская вайсковая тэхніка, архіўнае фота
Беларуская вайсковая тэхніка, архіўнае фота

Запрашэньня ў міратворчую місію ва Ўкраіне Беларусь не атрымлівала, дыскусіі на гэты конт у ААН не пачыналіся, Кіеў ня лічыць Беларусь нэўтральнай дзяржавай у вайне.

Беларускія міратворцы гатовыя да разьмяшчэньня ва Ўкраіне, калі спатрэбіцца, заявіў начальнік аддзелу міжнароднай вайсковай супрацы і міратворчай дзейнасьці камандаваньня сілаў спэцыяльных апэрацыяў Узброеных сілаў Беларусі Аляксей Скабей.

Заява прагучала ў інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу СТВ.

«Удзел у дзейнасьці для нашай рэспублікі — гэта ў першую чаргу ўздыманьне нашага сьцяга. Уздыманьне нашага сьцяга ў той ці іншай краіне гаворыць пра тое, што мы адкрытыя і прыхільныя тым абавязаньням, якія былі дадзеныя калісьці на Асамблеі ААН. Мы — сябра арганізацыі, гэта шмат аб чым кажа. І сам удзел у дзейнасьці — гэта для нашых досьвед.

Што сказаць наконт гатоўнасьці? Я з стопрацэнтнай упэўненасьцю магу сказаць, што на гэты момант, як толькі мы атрымаем адпаведнае рашэньне, мы будзем гатовыя рухацца ў той ці іншы рэгіён для выкананьня задач», — заявіў Скабей.

Сам ён удзельнічаў у міратворчых місіях пад эгідай ААН, але цяпер, з словаў Скабея, удзел беларускіх міратворцаў у іх прыпынены. Міратворчая місія ва Ўкраіне, паводле Скабея, магчымая са згоды бакоў.

«Тут усё залежыць ня толькі ад нас адных. Залежыць, як бакі паміж сабой будуць прымаць рашэньне. Тое, што мы гатовыя аказаць ім дапамогу на просьбу двух бакоў, — мы заўсёды гатовыя. У кожным разе той ці іншы бок павінны зьвярнуцца, калі яны хочуць, каб гэта было пад эгідай ААН, зьвярнуцца ў арганізацыю і заявіць, што нам патрэбнае разьмяшчэньне міратворчага кантынгенту на нашай тэрыторыі. Але гэта ўсё павінна быць паводле ўзаемнага рашэньня. Пасьля гэтага будзе прымацца рашэньне аб накіраваньні кіраўніком дзяржавы», — заявіў Скабей.

  • Пытаньне аб міратворчай місіі ва Ўкраіне пад эгідай ААН пакуль не разглядаецца, перамоўны працэс паміж бакамі вайны прыпынены, працягваюцца інтэнсіўныя баявыя дзеяньні на Данбасе і на ўсёй лініі фронту.
  • Беларусь падтрымала Расею ў яе поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны зь лютага 2022 году, надала тылавыя паслугі, дарогі, сваю тэрыторыю, вайсковыя базы і аэрадромы для нападу.
  • Аляксандар Лукашэнка адкрыта падтрымлівае дзеяньні Расеі. Беларусь таксама абвінавачваюць у дапамозе Расеі пры вывазе ўкраінскіх дзяцей.


Раней прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа і прэмʼер-міністар Эстоніі Крыстэн Міхал заявілі аб гатоўнасьці сваіх краін накіраваць вайсковыя кантынгенты ва Ўкраіну ў рамках міжнароднай «кааліцыі ахвочых».

Аднак абодва палітыкі падкрэсьлілі, што такі крок залежыць ад устанаўленьня міру і далейшых дамоўленасьцяў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG