Высокая прадстаўніца Эўразьвязу ў міжнародных справах і палітыцы бясьпекі Кая Калас
Высокая прадстаўніца Эўразьвязу ў міжнародных справах і палітыцы бясьпекі Кая Калас заявіла, што 26 дзяржаў Эўразьвязу пацьвердзілі гатоўнасьць удзельнічаць у стварэньні спэцтрыбунала па падзеях у вайне супраць Украіны.
«Сёньня 26 дзяржаў-чальцоў узялі на сябе абавязацельства стаць удзельнікамі гэтага трыбуналу», — сказала Кая Калас.
Паводле яе слоў, Брусэль чакае каштарыс расходаў, у тым ліку ад Нідэрляндаў, пасьля чаго работа над праектам працягнецца.
Стварыць трыбунал прапанавала Ўршуля фон дэр Ляен у 2022 годзе. Структуру плянуюць сфармаваць у рамках Раду Эўропы, якую Расея пакінула ў тым жа годзе.
Раней Кая Калас заявіла, што Эўразьвяз вылучыў першыя 10 мільёнаў эўра на стварэньне спэцыяльнага трыбуналу для разгляду справаў аб ваенных злачынствах Расеі ва Ўкраіне.
«Доказы ваенных злачынстваў Расеі ва Ўкраіне відавочныя. Беспакараныя злачынствы толькі заахвочваюць новыя злачынствы. Сёньня мы вылучаем першыя 10 мільёнаў эўра спэцыяльнаму трыбуналу для забесьпячэньня таго, каб асобы, адказныя за злачынства агрэсіі, ня ўніклі правасудзьдзя», — заявілаКая Калас у часе візыту ў Кіеў.
У Крамлі заяўлялі, што не прызнаюць легітымнасьць такога трыбунала. Краіны, якія выступаюць за яго стварэньне, «займаюць абсалютна аднабокую і неканструктыўную пазыцыю», сьцьвярджае Масква.
Сёлета 25 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ падпісалі дамову аб стварэньні спэцыяльнага трыбуналу для расьсьледаваньня злачынства агрэсіі супраць Украіны.
У асноўную групу для яго стварэньня ўваходзяць 41 дзяржава, Эўракамісія, Эўрапейская замежнапалітычная служба і Рада Эўропы.
Чакаецца, што пракурор трыбунала прыступіць да сваіх абавязкаў у канцы гэтага ці ў пачатку наступнага году. Першыя справы, якія будзе разглядаць трыбунал, пракурору перадасьць Міжнародны цэнтар перасьледу злачынства агрэсіі супраць Украіны (ІСРА), які пачаў працу ў ліпені 2023 году на базе Агенцтва ЭЗ у пытаньнях крымінальнай юстыцыі.
Форум