У выніку вайны загінулі больш за 67 000 чалавек, піша Reuters. Усяго празь дзень пасьля другой гадавіны нападу баевікоў ХАМАС, які прывёў да разбуральнага наступу Ізраілю на Газу, перамовы ў Эгіпце праз пасярэднікаў мелі вынікам пагадненьне аб пачатковым этапе 20-пунктавага пляну Дональда Трампа дзеля ўстанаўленьня міру ў палестынскім анкляве.
Пагадненьне, калі яго цалкам увасобяць, зблізіць два бакі больш за ўсякія папярэднія намаганьні дзеля спыненьня вайны, што перарасла ў рэгіянальны канфлікт, уцягнуўшы такія краіны, як Іран, Емэн і Лібан, паглыбіла міжнародную ізаляцыю Ізраілю і зьмяніла Блізкі Ўсход.
Навіну аб пагадненьні сустрэлі сьвяткаваньнямі ў Ізраілі, Газе і за яе межамі. Але пагадненьне, абвешчанае Трампам позна ў сераду, 8 кастрычніка, было недастатковым і пакінула шмат нявырашаных пытаньняў, якія ўсё яшчэ могуць прывесьці да яго краху, як гэта здарылася з папярэднімі мірнымі намаганьнямі.
«Я вельмі ганаруся тым, што магу паведаміць, што Ізраіль і ХАМАС падпісалі першы этап нашага мірнага пляну», — заявіў Трамп у праграме Truth Social.
Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу заявіў, што ў чацьвер зьбярэ паседжаньне свайго ўраду, каб зацьвердзіць пагадненьне.
«З зацьвярджэньнем першага этапу пляну ўсе нашыя закладнікі будуць вернутыя дадому, — сказаў ён.— Гэта дыпляматычны посьпех і нацыянальная і маральная перамога Дзяржавы Ізраіль».
ХАМАС пацьвердзіў дасягненьне пагадненьня аб спыненьні вайны, заявіўшы, што ўгода ўключае вывад сілаў Ізраілю з анкляву і абмен закладнікамі і палоннымі.
Форум