Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне расьсьледуюць катаваньні ўкраінскіх палонных расейцамі на тэрыторыі Беларусі

Расейскі фільтрацыйны лягер у Нароўлі. Ілюстрацыйнае фота
Расейскі фільтрацыйны лягер у Нароўлі. Ілюстрацыйнае фота

Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны адразу пасьля вызваленьня ад расейскіх войскаў Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў завяло справу паводле фактаў ваенных злачынстваў на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях і ўласна ў Расеі, а цяпер дадало ў яе эпізоды аб катаваньнях у Беларусі.

Справу завялі яшчэ 15 красавіка 2022 году. Як паведаміла Свабодзе крыніца, блізкая да праваахоўных органаў Украіны, цяпер у справе шмат эпізодаў жорсткага абыходжаньня з украінскімі ваеннапалоннымі і цывільнымі грамадзянамі з боку, сярод іншых, і «нявызначаных асобаў зь ліку палітычнага кіраўніцтва і кіраўніцтва Ўзброеных сілаў, іншых вайсковых фармаваньняў і праваахоўных органаў Расеі на часова акупаваных тэрыторыях Украіны, на тэрыторыі Расеі і Рэспублікі Беларусь».

У межах расьсьледаваньня справы пацярпелымі прызналі больш за 300 чалавек, пераважна вызваленых раней з расейскага палону ўкраінскіх цывільных і вайскоўцаў. Некалькі дзясяткаў чалавек прызналі падазраванымі — гэта грамадзяне Расеі і Ўкраіны, якія незаконна затрымлівалі ўкраінцаў і зьмяшчалі іх у турмы, калёніі, імправізаваныя ізалятары, што стваралі на тэрыторыях прадпрыемстваў, на прамысловых складах і ў падвалах на захопленых украінскіх тэрыторыях.

Як вынікае з матэрыялаў справы, сярод падазраваных грамадзян Украіны — тыя, хто ваяваў у фармаваньнях так званых «ЛНР» і «ДНР», а таксама хто працуе ў калёніях і турмах на тэрыторыі захопленых Расеяй частак Луганскай і Данецкай вобласьцяў. Сярод выстаўленых абвінавачаньняў — сэксуальны, фізычны і псыхалягічны гвалт, учынены, каб прымусіць затрыманых прыняць расейскае грамадзянства, перадаць паролі да адабраных тэлефонаў і банкаўскіх картак, а таксама атрымаць вайсковыя зьвесткі і прызнаньне ў дапамозе Ўзброеным сілам Украіны.

Сярод абвінавачаных — вайскоўцы ня толькі рэгулярных армейскіх фармаваньняў, а і прыватных арміяў Расеі, у тым ліку прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр».

Суразмоўца Свабоды не ўдакладніў, якія эпізоды катаваньняў на тэрыторыі Беларусі расьсьледуюць у межах справы.

Вядомае прынамсі адно месца, дзе такое магло адбывацца — расейскі фільтрацыйны лягер, што разьмяшчаўся ў горадзе Нароўлі Гомельскай вобласьці і дзейнічаў на пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну.

Раней стала вядома аб прынамсі двух выпадках сьмерці ўкраінцаў, якіх прымусова вывезьлі ў Беларусь расейскія вайскоўцы, — 96-гадовая грамадзянка Ўкраіны памерла ў доме-інтэрнаце для старых у Ветцы Гомельскай вобласьці праз тры месяцы пасьля прымусовай дэпартацыі расейскімі вайскоўцамі жыхароў Барадзянкі Бучанскага раёну Кіеўскай вобласьці.

У сьнежні 2023 году стала вядома аб сьмерці ў Беларусі 15-гадовай Арыны Яцюк, параненай расейскімі салдатамі ў сакавіку 2022 году пад Кіевам пры спробе эвакуавацца. Яе цела знайшлі ў моргу Мазыра Гомельскай вобласьці. Дзяўчыну апазналі па ДНК пасьля таго, як цела перадалі ва Ўкраіну ў межах абмену.

Апроч таго, вядома некалькі фактаў незаконнага вывазу падлеткаў з Украіны ў Беларусь.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG