Украіна і Расея правялі чарговы абмен целаў загінулых

Абмен целаў загінулых, архіўнае фота
Абмен целаў загінулых, архіўнае фота

У праекце «Хачу жыць», які вядзе Каардынацыйны штаб Украіны ў абыходжаньні з ваеннапалоннымі, паведамілі аб перадачы Расеі празь Беларусь целы 24 расейскіх вайскоўцаў, якія загінулі на харкаўскім, данецкім, херсонскім і сумскім кірунках.

«Гэтыя целы і рэшткі знайшлі ўкраінскія пошукавыя групы», — адзначылі ў праекце.

Перадача цел адбылася пры пасярэдніцтве Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа.

Згодна зь інфармацыяй праекту, ідэнтыфікаваць удалося толькі 16 % ад перададзеных 18 верасьня цел.

«Адсутнасьць у вайскоўцаў арміі Расеі дакумэнтаў і жэтонаў мае масавы характар. Гэта нельга патлумачыць „ваеннай неабходнасьцю“. Гэта вынік практыкі камандзіраў на месцах: у вайскоўцаў часта забіраюць банкаўскія карткі, каб у выпадку іх гібелі хутка зьняць гатоўку. Дакумэнты байцам таксама рэдка выдаюць на рукі, бо камандаваньне пабойваецца дэзэрцірства — з дакумэнтамі шанцаў на ўцёкі ў „самаволку“ было б нашмат больш», — паведамілі ў праекце.

У праекце адзначылі, што аб перадачы ідэнтыфікаваных цел яны паведамілі сваякам загінулых вайскоўцаў. Асобы іншых загінулых будуць вызначаць у адпаведным цэнтры ў Растове.

У Расеі гэтую інфармацыю пакуль не камэнтуюць.

Украінскі бок паведаміў пра вяртаньне на радзіму 1000 целаў ўкраінскіх вайскоўцаў.

​
XS
SM
MD
LG