Расея нанесла найбольш маштабны за апошні час удар па заходняй Украіне. Шмат разбурэньняў

абноўлена
Ліквідацыя наступстваў расейскай атакі па Жытомірскай вобласьці ў траўні 2025 году. Ілюстрацыйнае фота
Ліквідацыя наступстваў расейскай атакі па Жытомірскай вобласьці ў траўні 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Ва Ўкраіне заявілі аб найбольш маштабнай расейскай атацы заходніх рэгіёнаў Украіны.

Ад ракет і ўдарных дронаў пацярпелі Івана-Франкоўская, Цярнопальская, Жытомірская, Валынская, Хмяльніцкая, Львоўская, Віньніцкая вобласьці, а таксама іншыя рэгіёны Ўкраіны.

Паводле мясцовых уладаў, у Віньніцкай вобласьці — адзін пацярпелы, пашкоджана прамысловае прадпрыемства, шмат разбурэньняў у жылым сэктар. На рэгіён расейцы скіравалі 26 дронаў і 11 крылатых ракет.

У Хмяльніцкай вобласьці тры чалавекі параненыя, зьнішчаная швейная фабрыка, пашкоджаныя аўтазапраўка, транспарт, павыляталі шыбы ў навакольных будынках.

У Жытомірскай вобласьці адзін чалавек загінуў і пяць атрымалі раненьні. Пашкоджаныя некалькі цывільных прадпрыемстваў і прыватныя будынкі.

У Львоўскай і Валынскай абласьцях пакуль не паведамляюць аб маштабах наступстваў расейскай атакі.

Мэр Львова Андрэй Садавы паведаміў, што расейцы атакавалі гэты горад больш за 10 ракетамі і сама меней 60 дронамі. Дзякуючы працы супрацьпаветранай абароны, ніхто не пацярпеў, але аскепкі пацэлілі ў адзін з цывільных складаў.

Адзін з украінскіх маніторынгавых каналаў, які адсочвае траекторыю руху ракет і дронаў, паведаміў, што асноўнай цэльлю ракет былі Жытомір, Віньніца, Калуш і Львоў, а ўдарных дронаў — Польшча, Луцк, Львоў, Адэшчына, Данеччына і Віньнічына.

Паводле яшчэ аднаго каналу, сама меней 12 ударных дронаў праляцелі праз Валынскую вобласьць у Польшчу.

У некаторых абласьцях яшчэ захоўваецца паветраная трывога. Паветраныя сілы Ўкраіны пакуль не ўдакладняюць агульную колькасьць ракет і дронаў, якія Расея выкарыстала для ўдару па Ўкраіне ў ноч і раніцай 10 верасьня.

Зяленскі: ад удару пацярпелі 15 рэгіёнаў

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што Расея для атакі выкарыстала 415 дронаў і больш за 40 крылатых і балістычных ракет. Ад удару пацярпелі 15 з 26 украінскіх рэгіёнаў.

«Масква заўсёды выпрабоўвае межы магчымага і, калі не сустракае моцнай рэакцыі, застаецца на новым узроўні эскаляцыі. Сёньня быў яшчэ адзін эскаляцыйны крок — расейска-іранскія шахеды дзейнічалі ў паветранай прасторы Польшчы, у паветранай прасторы NATO. Ні адзін шахед, што можна было б назваць выпадковасьцю, а сама меней 8 ударных дронаў, якія былі нацэленыя на Польшчу», — напісаў Уладзімір Зяленскі ў сваім Telegram-канале.

Прэзыдэнт Украіны назваў гэты інцыдэнт «небясьпечным для Эўропы».

«Расейцы павінны адчуць наступствы. Расея павінна адчуць, што вайну нельга пашыраць і давядзецца заканчваць. Занадта доўга працягваецца санкцыйная паўза. Замаруджваньне абмежаваньняў па Расеі і яе памагатых азначае толькі павелічэньне жорсткасьці ўдараў», — перакананы Ўладзімір Зяленскі.


​
XS
SM
MD
LG