Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выніку ўдару Расеі па Кіеве загінуў 21 чалавек, у тым ліку дзеці, шмат параненых і разбурэньняў. ФОТА

абноўлена
На месцы расейскага ўдару па жылым доме ў Кіеве, 28 жніўня 2025 году
На месцы расейскага ўдару па жылым доме ў Кіеве, 28 жніўня 2025 году

Паветраная атака Расеі на Кіеў адбылася ў ноч на 28 жніўня.

У Кіеве з-пад завалаў шматпавяховага дому, па якім нанесьлі паветраны ўдар расейскія войскі, дастаюць целы загінулых жыхароў разбураных кватэраў. Ахвяраў 21 чалавек, напісаў кіраўнік МУС Украіны Ігар Кліменка.

Сярод загінулых чацьвёра дзяцей. Пошукава-выратавальныя апэрацыі працягваюцца.

У Кіеве абвясьцілі дзень жалобы 29 жніўня.

Наступствы расейскага ўдару на Кіеў, 28 жніўня 2025
Наступствы расейскага ўдару на Кіеў, 28 жніўня 2025

Кіраўнік Кіеўскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі Цімур Ткачэнка паведаміў, што сярод ахвяраў трое дзяцей ва ўзросьце 2, 17 і 14 гадоў. Таксама вядома пра больш чым 30 параненых, у тым ліку чатырох дзяцей і падлетка, піша пракуратура.

Адзначаецца, што частка 5-павярховага дому ў Дарніцкім раёне разбурана, ідзе выратавальная апэрацыя, пад заваламі шукаюць людзей, паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Наступствы расейскай атакі на Кіеў
Наступствы расейскай атакі на Кіеў

На месцы працуюць сотні адмыслоўцаў, у тым ліку кіналягічная служба, псыхолягі, пажарнікі, паведаміў міністар унутраных справаў Украіны Ігар Кліменка.

Наступствы расейскай атакі на Кіеў 28 жніўня 2025 году
Наступствы расейскай атакі на Кіеў 28 жніўня 2025 году

Паветраныя сілы Ўкраіны паведамілі, што расейцы выкарысталі 598 ударных дронаў і 31 ракету. У 13 месцах унікнуць удару дронамі не ўдалося, яшчэ на 26 упалі абломкі.

Наступствы расейскай атакі на Кіеў 28 жніўня 2025 году
Наступствы расейскай атакі на Кіеў 28 жніўня 2025 году

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі напісаў у Telegram, што пацьверджана гібель як мінімум васьмі чалавек, у тым ліку аднаго дзіцяці.

Ён адзначыў, што пад заваламі ўсё яшчэ могуць быць людзі, яшчэ дзясяткі параненыя.

«Сёньняшнія расейскія ракеты і бесьпілётнікі — гэта відавочны адказ усім у сьвеце, хто тыднямі і месяцамі заклікае да спыненьня агню і сапраўднай дыпляматыі, — заявіў Зяленскі. — Расея выбірае балістычныя ракеты замест стала перамоваў. Яна выбірае працягваць забіваць, а не спыняць вайну. А гэта азначае, што Расея ўсё яшчэ не баіцца наступстваў», — дадаў ён.

Наступствы расейскага ўдару па Кіеве 28 жніўня 2025 году
Наступствы расейскага ўдару па Кіеве 28 жніўня 2025 году

Таксама за ноч расейцы атакавалі крытычную інфраструктуру Віньніцкай вобласьці. Пасьля ўдараў без электрычнасьці засталіся 60 тысяч карыстальнікаў у 29 паселішчах.

Перад тым адбыўся ўдар па хуткасных цягніках Intercity на станцыі Казяцін, ёсьць пашкоджаньні, таму цягнікі адтуль цяпер ідуць зьмененым маршрутам.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG