У Кіеве ў выніку расейскага паветранага нападу параненыя восем чалавек, у тым ліку трохгадовае дзіця

Жыхары Кіева хаваюцца ў мэтро падчас расейскай паветранай атакі. Кіеў, 28 ліпеня 2025 году
Жыхары Кіева хаваюцца ў мэтро падчас расейскай паветранай атакі. Кіеў, 28 ліпеня 2025 году

Расея атакавала Ўкраіну 324 бесьпілётнікамі і 7 ракетамі, асноўным кірункам удару быў Стараканстанцінаў. Трапіў пад удар і Кіеў.

У Дарніцкім раёне Кіева ў выніку атакі пацярпелі восем чалавек, паведаміў кіраўнік Кіеўскай гарадзкой адміністрацыі Цімур Ткачэнка. Сярод пацярпелых трохгадовае дзіця з аскепкавымі раненьнямі. Чатырох пацярпелых мэдыкі шпіталізавалі.

Паводле мэра Кіева Віталя Клічка, усе параненыя — жыхары шматпавярховіку, дзе выбуховая хваля пашкодзіла ў адным з пад’ездаў вокны з 6-га па 11-ы паверхі.

У ноч на 28 ліпеня расейскія вайскоўцы атакавалі Ўкраіну 324 бесьпілётнікамі, а таксама чатырма крылатымі ракетамі Х-101 і трыма аэрабалістычнымі ракетамі Х-47М2 «Кінжал», паведамілі Паветраныя сілы Ўзброеных сілаў Украіны.

Асноўным кірункам удару быў Стараканстанцінаў Хмяльніцкай вобласьці, паведамляюць вайскоўцы. Паблізу гэтага гораду месьціцца вайсковы аэрадром.

Паводле папярэдніх зьвестак, на 09.30 сыстэмы СПА Ўкраіны зьняшкодзілі 311 сродкаў паветранага нападу: 309 ударных БПЛА і дзьве крылатыя ракеты Х-101, — гаворыцца ў паведамленьні.

​
XS
SM
MD
LG