У Варшаве «вельмі сур’ёзна» ўспрымаюць інцыдэнт, які адбыўся 15 ліпеня, калі ў бок Польшчы праз агароджу на мяжы зь Беларусьсю кінулі бутэльку з запальнай сумесьсю, заявіў 17 ліпеня ў эфіры Польскага радыё міністар унутраных справаў і адміністрацыі Томаш Семоняк.
«Безь беларускіх спэцслужбаў гэтага б не адбылося, і мы будзем рашуча пратэставаць, — цытуе міністра польскае выданьне Wprost. — Бо Беларусь нясе адказнасьць за тое, што адбываецца зь яе боку, і гэтая сытуацыя — яўная спроба правакацыі, спроба распаліць абстаноўку».
«Я абмеркаваў тое, што адбылося, зь міністрам замежных справаў Радославам Сікорскім, і мы прымем адпаведныя захады. Не хачу забягаць наперад. Памежная служба на ўзроўні ўпаўнаважаных ужо заявіла беларускаму боку рашучы пратэст», — заявіў ён.
Міністар падкрэсьліў, што «падобныя сытуацыі непрымальныя». Паводле яго, «на шчасьце, тут ніхто не пацярпеў, але нядаўнія выпадкі — гэта эскаляцыя».
«Магчыма, яны (улады ў Менску. — „Позірк“) лічаць, што, увёўшы памежны кантроль зь Нямеччынай і Літвой, мы адмовімся ад Беларусі. Мы не адмовімся: сілы засталіся ранейшымі, усё працуе выдатна, і няма ніякіх парушэньняў мяжы», — сьцьвярджае Семоняк.
Пры гэтым ён падкрэсьліў, што мяжа ў бясьпецы:
«Узмоцненыя патрулі, 11.000 афіцэраў і салдатаў пастаянна ў стане баявой гатоўнасьці. Супрацоўнікі паліцыі ў Беластоку таксама гатовыя выехаць на мяжу ў разе патрэбы».
У МЗС Беларусі адрэагавалі
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі заявілі, што эўрапейскія краіны не спрыяюць вырашэньню праблемы.
«Абвінавачаньні ў адрас Беларусі не дапамогуць вырашыць крызіс, які быў створаны ў Эўропе», – працытавала заяву МЗС Беларусі дзяржаўнае выданьне «Беларусь сегодня».
У заяве таксама адзначаецца, што «ЭЗ адмаўляецца канструктыўна супрацоўнічаць з краінамі паходжаньня мігрантаў, ігнаруючы сапраўдныя прычыны міграцыі, пры гэтым Брусэль замарозіў дыялёг зь Беларусьсю, уключаючы экспэртныя кантакты, што фактычна спыніла супольную працу ў пытаньнях мяжы і міграцыі».
Паводле падлікаў «Позірку», з пачатку году Польшча перадухіліла 16,3 тысячы спробаў незаконнага пранікненьня мігрантаў з тэрыторыі Беларусі, у тым ліку за 16 дзён ліпеня— 1,7 тысячы.
16 ліпеня міністар абароны краіны Ўладыслаў Касіняк-Камыш таксама заявіў аб нарастаньні агрэсіі з боку мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у Польшчу зь беларускай тэрыторыі.
Прэс-сакратар міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Яцэк Дабжыньскі ў сваю чаргу паведаміў, што 15 ліпеня пасьля 22:00 «на супрацоўнікаў і салдатаў памежнай службы адбыўся напад з боку асобаў, якія былі па той бок загароды».
«На абаронцаў нашай мяжы абрынуўся град камянёў, а адзін з нападнікаў кінуў у іх бутэльку з запальнай сумесьсю, — паінфармаваў ён. — Кінутая бутэлька разьбілася аб дарогу, а вадкасьць, якая вылілася, загарэлася. На шчасьце, ніхто не пацярпеў. У ходзе апэрацыі былі затрыманыя 10 іншаземцаў».
«Гэты інцыдэнт абуральны і непрымальны. Перакананы, што ён ня мог адбыцца бязь ведама і згоды беларускіх спэцслужбаў. Уся адказнасьць за гэты інцыдэнт ляжыць на Беларусі, якая ўжо некалькі гадоў вядзе агрэсіўныя дзеяньні на гэтым участку мяжы», — напісаў Дабжыньскі на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.
Міграцыйны крызіс на граніцы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаваў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
Форум