Мігранты атакавалі польскіх памежнікаў камянямі, бутэлькамі і кіем зь цьвікамі — Памежная ахова Польшчы

Сьцяна на польска-беларускай мяжы, архіўнае фота.
Сьцяна на польска-беларускай мяжы, архіўнае фота.

З 4 па 6 ліпеня спынена каля 175 спробаў нелегальнага пранікненьня на польскую тэрыторыю з боку Беларусі, вынікае з паведамленьня Памежнай аховы Польшчы.

У паведамленьні адзначаюцца «вельмі агрэсіўныя» паводзіны мігрантаў мінімум на двух зь сямі згаданых у зводцы памежных пастоў: у Чарамсе і Міхалове. У прыватнасьці, паведамляецца, што «іншаземцы, якія знаходзіліся за тэхнічнай загародай, некалькі разоў кідалі ў польскіх патрулёў бутэлькі, камяні і кій з убітымі цьвікамі». «У выніку інцыдэнтаў ніхто не пацярпеў. Аднаму службоваму аўтамабілю была нанесеная шкода», — гаворыцца ў паведамленьні.

Ведамства адзначае таксама, што нелегалы спрабавалі перасекчы памежныя рэкі.

Паведамляецца аб затрыманьні двух грамадзян Польшчы, якія прыбылі на мяжу, каб забраць іншаземцаў, якія незаконна праніклі зь беларускай тэрыторыі.

«За апошнія трое сутак аказаная мэдычная дапамога аднаму чалавеку. Ён быў перададзены брыгадзе мэдыка-выратавальнай службы», — адзначыла памежная служба.

З пачатку 2025 году зафіксавана больш за 14,6 тыс. спробаў незаконнага перасячэньня польска-беларускай мяжы.

1 ліпеня прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск, камэнтуючы ўвядзеньне з 7 ліпеня памежнага кантролю на мяжы зь Літвой, зьвязаў гэтае рашэньне зь недастаткова эфэктыўнымі дзеяньнямі Вільні і Рыгі па прадухіленьні нелегальнай міграцыі празь мяжу зь Беларусьсю. Ён адзначыў, што пасьля перасячэньня беларускай мяжы нелегалы накіроўваюцца праз адкрытую літоўска-польскую мяжу далей на захад.

Паводле слоў Туска, калі практыка заахвочваньня нелегальнай міграцыі з боку Менску працягнецца, «Лукашэнка і яго службы ў найбліжэйшыя дні і тыдні ўбачаць», што Варшава гатовая «пайсьці на вельмі непрыемныя і жорсткія [крокі ў адказ]».

  • Па стане на 5 ліпеня з пачатку 2025 году Польшча зафіксавала 14,9 тыс. спробаў нелегальнага пераходу зь беларускай тэрыторыі.
  • Ад поўначы на 7 ліпеня Польшча ўвяла стацыянарны памежны кантроль на мяжы зь Нямеччынай і Літвой.
  • Паводле зьвестак Deutsche Welle, выбарачныя праверкі пачаліся на 52 пунктах пропуску на мяжы з ФРГ і працягнуцца прынамсі да 5 жніўня. Памежнікі правяраюць пашпарты ў людзей, якія хочуць уехаць у Польшчу. Асаблівую ўвагу, як зазначаецца, зьвяртаюць на аўтобусы, мікрааўтобусы, аўтамабілі, дзе шмат пасажыраў і ў якіх танаваныя шыбы.



​
XS
SM
MD
LG