Даты дня
615 гадоў таму, 15 ліпеня 1410 году, аб’яднанае войска Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы здабыла перамогу над крыжакамі Тэўтонскага ордэну ў бітве пад Грунвальдам. Грунвальдзкая бітва — гэта бітва паміж аб’яднанымі войскамі Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага (таксама прысутнічалі баявыя атрады чэхаў і татараў) і прафэсійным войскам наймагутнейшай у тагачаснай Эўропе мілітарысцкай дзяржавы Тэўтонскага ордэну. Перамога саюзьнікаў пад Грунвальдам спыніла шматвяковую экспансію крыжакоў на славянскія землі.
125 гадоў таму, 15 ліпеня 1900 году (або, паводле апублікаванай у 2019 годзе хроснай мэтрыкі — 1901), нарадзіўся вялікі беларускі паэт, празаік, перакладчык, мовазнаўца і вучоны, шматгадовы вязень сталінскага ГУЛАГу Ўладзімер Дубоўка. Яго творчасьцю захапляўся Янка Купала, а Язэп Пушча пісаў, што вершы Дубоўкі — «гэта ўзвышша сучаснай беларускай паэзіі». Увёў ва ўжытак такія словы, як «адлюстраваць», «ажыцьцяўленьне», «дабрабыт», «мілагучны», «мэтазгодны», «цемрашал».
Таксама ў гэты дзень
1099 — узяцьце Ерусаліму крыжакамі.
1514 — пачалася аблога Смаленску маскоўскім войскам.
1834 — урачыста адкрыты Кіеўскі ўнівэрсытэт.
1924 — ІІ сэсія ЦВК БССР прыняла пастанову «Аб практычных мерах па правядзеньні нацыянальнай палітыкі», у адпаведнасьці зь якой беларусізацыя стала афіцыйнай дзяржаўнай палітыкай і было абвешчана раўнапраўе беларускай, расейскай, польскай і габрэйскай моў.
1925 — адноўленая дзейнасць Беларускага камітэта ў Варшаве.
1938 — у Гомлі адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатар лялек. Пасьля вайны пераехаў у Менск.
У гэты дзень нарадзіліся
1606 — Рэмбрант Гармэнзан ван Рэйн, галяндзкі мастак.
1609 — Казімір Леў Сапега, дзяржаўны і грамадзкі дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.
1876 — Алаіза Пашкевіч (Цётка), паэтка, дзяячка нацыянальна-вызвольнага й сацыялістычнага руху пачатку ХХ ст.
1930 — Жак Дэрыда, францускі філёзаф.
У памяці
1904 — Антон Чэхаў, расейскі пісьменьнік.
1961 — Віктар Галаўчынер, актор, рэжысэр, драматург, народны артыст Беларусі і Літвы.
1978 — Сьцяпан Бірыла, актор тэатра і кіно, народны артыст Беларусі.
2009 — Натальля Эстэмірава, чачэнская журналістка і праваабаронца (забітая).
2012 — Вера Вярба, паэтка.
Форум