Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра вязьня сумленьня Ўладзімера Дубоўку, які ненавідзеў Сталіна і стукачоў


Паэт Уладзімер Дубоўка (зьлева). Разам з паэтам Уладзімерам Жылкам. Другая палова 20-х гг. (БДЛАІМ)

15 ліпеня споўнілася 120 гадоў з дня нараджэньня вялікага беларускага паэта, празаіка, перакладчыка, мовазнаўцы і вучонага Ўладзімера Дубоўкі.

Яго творчасьцю захапляўся Янка Купала, а Язэп Пушча пісаў, што вершы Дубоўкі — «гэта ўзвышша сучаснай беларускай паэзіі». Увёў ва ўжытак такія словы, як «адлюстраваць», «ажыцьцяўленьне», «дабрабыт», «мілагучны», «мэтазгодны», «цемрашал».

Адзін з заснавальнікаў першага беларускага элітарнага літаратурнага аб’яднаньня «Ўзвышша». Зьдзіўляў сучасьнікаў сьмеласьцю і незалежнасьцю думкі, вялікай унутранай свабодай. Сталінскія лягеры і высылкі, дзе ён прабыў з 1930 па 1958 гг., не зламілі гэтага чалавека, а толькі зрабілі яшчэ большым ненавісьнікам савецкага таталітарызму.

Уладзімер Дубоўка, 20-ыя гг. (Вікіпэдыя)
Уладзімер Дубоўка, 20-ыя гг. (Вікіпэдыя)

Адзін зь першых беларускіх паэтаў, хто крытыкаваў палітыку Масквы

«У пачатку кастрычніка 1926 года сярод творчай інтэлігенцыі Менска зьявіўся ў машынапісе верш пад назвай "На ўшанаваньне новага падзелу беларускай зямлі".

[Там былі такія радкі:

"На нашым карку торг спраўляе сьмела
Масква з Варшавай, з Рыгай і Літвой,
І наша змучанае катам цела
Штогодна новай кроіцца мяжой.
Масква сусьвету вушы прашумела
Пра самавызначэньне аж да зор.
Смаленск дзе? Невель? Гомель дзе падзела?
Стварыла гомельскі ганебны калідор". — РС].

Пад вершам стаяў подпіс Янка Крывічанін...» (Уладзімір Міхнюк. Вязень сумленьня // Полымя. 1996, № 2).

Карыкатура на Дубоўку. 20-ыя гг. (Нац. бібл. Беларусі)
Карыкатура на Дубоўку. 20-ыя гг. (Нац. бібл. Беларусі)

У ГПУ яго вылічылі па друкарскай машынцы

«Спэцыялісты... з ГПУ... апэратыўна пачалі пошукі невядомага аўтара. І ў хуткім часе выйшлі на сьлед. Справа ў тым, што верш аказаўся надрукаваны на пішучай машынцы, у якой была надломлена літара "р". А ўлічваючы, што ўсе машынкі са сваімі апазнавальнымі адмецінамі былі зарэгістраваны ў ГПУ як размнажальныя апараты, то палітычнаму вышуку было няцяжка знайсьці яго... Пішучая машынка з надламанай літарай "р", як высьветлілася, належала пастаяннаму прадстаўніцтву БССР у Маскве. Там працаваў у той час паэт У. Дубоўка...» (Уладзімір Міхнюк. Вязень сумленьня // Полымя. 1996, № 2).

Уладзімер Дубоўка, канец 50-х гг. (Нац. бібл. Беларусі)
Уладзімер Дубоўка, канец 50-х гг. (Нац. бібл. Беларусі)

У канцы 20-х, не хаваючыся, называў Сталіна катам

«Чытаем яго паэму "І пурпуровых ветразей узьвівы", 1929. Лірык-народ кажа матэматыку-ўладзе:

Ты уважаеш, што культура ходзіць
у портках ката слаўнае Камуны
Парыскае, у портках Галіфэ?
Або у марынарцы ходзіць Фрэнча,
другога ката, ката нашых дзён?
Ня веру я у гэткія акрасы:
я ненавіджу іх, змагацца буду!

"Гэта пра Сталіна?" — запытала я Дубоўку. "Так", — адказаў ён» (Алеся Бабарека. Об одном стихотворении Владимира Дубовки, авторство которого оспаривается в пользу Я. Купалы / Уладзімер Дубоўка. Ён і пра яго. Менск, 2017).

Карыкатура на Дубоўку. Сярэдзіна 20-х гг. (Нац. бібл. Беларусі)
Карыкатура на Дубоўку. Сярэдзіна 20-х гг. (Нац. бібл. Беларусі)

Адмаўляецца ад прапановы маскоўскіх чыноўнікаў пісаць па-расейску

У канцы 20-х гг. супраць Дубоўкі пачынаецца шальмаваньне ў беларускіх газэтах і часопісах. «Уладзімер Дубоўка, які пражывае ў Маскве, дамагаецца аўдыенцыі ў буйнога ў той час партыйнага работніка, загадчыка аддзелу друку ЦК ВКП(б) Кержанцава. Кержанцаў згодны з Дубоўкам, што ў тых творах, за якія яго цяпер «крыюць»... у беларускім камуністычным друку, нельга ўгледзець нічога контрарэвалюцыйнага, што яны зусім нэўтральныя, а да таго ж — вельмі таленавітыя. Але Кержанцаў напрыканцы ставіць, крыху запінаючыся, пытаньне: «А ці не маглі б вы пісаць па-расейску, а не па-беларуску? Тады б мы, безумоўна, сталі на вашу абарону». Дубоўка адказвае адмоўна, і на гэтым усё канчаецца... (А. Адамович. Мой счет им / Уладзімер Дубоўка. Ён і пра яго. Менск. 2017).

Уладзімер Дубоўка. 60-ыя гг. (Нац. бібл. Беларусі)
Уладзімер Дубоўка. 60-ыя гг. (Нац. бібл. Беларусі)

Супраць Дубоўкі выступае ўласны брат

Малодшы брат Дубоўкі Язэп — няўдалы паэт, які жыў на шыі Ўладзімера, прыносіў яму адны прыкрасьці: «Наконт майго брата... я не магу дапамагаць яму да ста гадоў. Я жонцы чаравікі не купіў сваёй, а яму хутру паслаў... Чаго яму, прахвосту, яшчэ не хапае? Няхай дзе пачне зарабляць...» (У. Дубоўка. Зь ліста да А. Бабарэкі ад 16/11-1929 // Віктар Жыбуль. «Лясьніцтва прамяняў на леру...» Штрыхі да біяграфіі Язэпа Вазёрнага // Роднае слова. 2015, № 5). «Уладзімер Дубоўка быў арыштаваны па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызваленьня Беларусі» 20 ліпеня 1930 г. А 19 сьнежня ў газэце «Чырвоная зьмена» быў апублікаваны ліст у рэдакцыю Я. Вазёрнага [псэўданім брата Дубоўкі. — РС], у якім ён «адзначаў ганьбаю пазыцыі У. Дубоўкі» і «адмяжоўваўся ад яго думак». За год да гэтага Язэп Вазёрны быў аўтарам паэмы «з тэндэнцыйнай назвай «У абнімках ворага», прысьвечанай выкрыцьцю «нацдэмаў» (Віктар Жыбуль. «Лясьніцтва прамяняў на леру...» Штрыхі да біяграфіі Язэпа Вазёрнага // Роднае слова. 2015, № 5).

Уладзімер Дубоўка. 1970 г. (Нац. бібл. Беларусі)
Уладзімер Дубоўка. 1970 г. (Нац. бібл. Беларусі)

Сьледчым ГПУ не ўдалося прымусіць Дубоўку сьведчыць супраць таварышаў

«У. Дубоўка... адмовіўся падпісваць... пастанову аб заключэньні пад варту і абвінаваўчае заключэньне. Гэта была прынцыповая пазыцыя нязломленага чалавека, які вінаватым сябе не прызнаў, не абгаварыў ні сябе, ні сваіх сяброў, ні калег, ні знаёмых, у адрозьненьне ад некаторых іншых арыштаваных па справе СВБ ён быў вельмі стрыманы на словы. За час знаходжаньня пад сьледзтвам ва ўнутранай турме ГПУ БССР — так званай "амэрыканцы" — сьледчыя змаглі дабіцца ад яго толькі аднаго... невялікага ўласнаручнага паказаньня... У ім няма ніводнага прозьвішча. Геніяльны паэт стаў вязьнем сумленьня» (Уладзімер Міхнюк. Вязень сумленьня // Полымя. 1996, № 2).

Нэкралёг, прысьвечаны Дубоўку. ЛіМ, 26 сакавіка, 1976 г. (Нац. бібл. Беларусі)
Нэкралёг, прысьвечаны Дубоўку. ЛіМ, 26 сакавіка, 1976 г. (Нац. бібл. Беларусі)

Не дараваў былым сябрам і паплечнікам іх здрады

«Пасьля трагічных ліпеньскіх падзей 1930 году (турэмнае зьняволеньне), амаль юдаўскага адрачэньня ад яго большасьці аднадумцаў, дваццаці васьмі гадоў высылкі і лягераў Дубоўка... зразумеў: беларускія пісьменьнікі — апошнія людзі на плянэце, якім варта давяраць. Так, іх можна чытаць, цытаваць (цэлым калейдаскопам цытат поўніцца яго аповесьць "Жоўтая акацыя"), неабходна вывучаць, нават натхняцца асобнымі творамі, часам прысьвячаць вершы, але... не сябраваць. Сваім былым таварышам "узвышаўцам" ён так і не дараваў. У яго творчасьці 1960–1970-х гадоў становіцца асноўнай тэма... несправядлівасьці, змаганьня зь нечаканымі нягодамі, калі табе ніхто, апроч цябе самога, не дапаможа...».

Н. Шчасная. Партрэт Уладзімера Дубоўкі. 1973 г. (Нац. бібл. Беларусі)
Н. Шчасная. Партрэт Уладзімера Дубоўкі. 1973 г. (Нац. бібл. Беларусі)

Пасьля вызваленьня Дубоўку пасялілі насупраць турмы, дзе яго катавалі

«Адразу пасьля вызваленьня ў 1958 годзе ён з жонкай, Марыляй Пятроўнай, прыехаў у Менск. Паабяцаўшы неўзабаве даць кватэру, іх пасялілі ў пакойчыку гасьцініцы "3-я Савецкая", што месьцілася ў чатырохпавярховым будынку насупраць паўночнага крыла цяперашняга гатэля "Менск". А вакно гэтага пакойчыка выходзіла на двор Пішчалаўскага замку, славутай турмы на вуліцы Валадарскага, і глядзелася якраз на вокны той камэры, дзе тады, у 1930-м, Уладзімера Дубоўку трымалі і катавалі... Пасялілі яго там вядома чаму, каб не забываў... жыве ён... там... месяц, другі, трэці, ніякай кватэры не даюць... Каля дзевяці месяцаў пражылі яны з Марыляй Пятроўнай у той гасьцініцы, потым сабраліся і паехалі ў Маскву» (Ванкарэм Нікіфаровіч. Пясьняр волі і хараства // Дзеяслоў. 2010, № 10).

Уладзімер Дубоўка. Карыкатура пачатку 60-х гг. (Нацыянальная бібліятэка Беларусі)
Уладзімер Дубоўка. Карыкатура пачатку 60-х гг. (Нацыянальная бібліятэка Беларусі)

Асноўная тэма яго перакладаў — змаганьне супраць стукачоў

Многія пераклады Дубоўкі — нагода для паэта выказаць адмоўнае стаўленьне да савецкай рэчаіснасьці, і ў першую чаргу да татальнага навушніцтва. На аснове афарызмаў Абуль-Фараджа ён стварае наступны вершык:

Адзін бадшах спытаў свайго дарадцу:
— Як радзіш ты з навушніцтвам змагацца?
Той адказаў:
— Абодва рэзаць вухі
тым,
хто навушнікаў ня кіне слухаць.

А 125-ты санэт Шэксьпіра Дубоўка завяршае так:

«Прэч стукачоў! Для чыстага сумленьня
Ня страшны ні паклёпы, ні ганеньні»

(для прыкладу, у Маршака гэта гучыць інакш:

«Прочь, искуситель! Чем душе трудней,
Тем менее ты властвуешь над ней!»
).

Уладзімер Дубоўка (Вясёлка. 1970, № 7) (Нац. бібл. Беларусі)
Уладзімер Дубоўка (Вясёлка. 1970, № 7) (Нац. бібл. Беларусі)

Радаваўся, калі дзеці прымалі яго за Дзеда Мароза

«Новы год быў... для яго асаблівы час. Дзеці-малышы, сустракаючы яго на вуліцы ці ў аўтобусе, прымаюць за Дзеда Мароза (белая барада, ружовы твар): «Мамачка, паглядзі, Дзед Мароз жывы». У яго заўсёды ў кішэнях цукеркі, а ў гэты пэрыяд ён ужо асабліва стараўся, каб мець пры сабе нешта смачнае... адорваў дзетак, і яны маме ці бабулі хваліліся: «Гэта мне Дзед Мароз даў» (Марыя Дубоўка. Мае санаторыі і курорты. Маладосьць. 1994, № 2).

Уладзімер Дубоўка, пачатак 70-х гг. (Нац. бібл. Беларусі)
Уладзімер Дубоўка, пачатак 70-х гг. (Нац. бібл. Беларусі)

  • 16x9 Image

    Васіль Дэ Эм

    Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк) — драматург, актор, дзіцячы пэдагог, мастак. Нарадзіўся ў мястэчку Давыд-Гарадок. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (рэжысура драмы). 

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG