Расея абстраляла Чарнаўцы, Львоў, Луцк і Харкаў

Наступствы ўдару па жылым доме ў Чарнаўцах, 12 ліпеня 2025
Наступствы ўдару па жылым доме ў Чарнаўцах, 12 ліпеня 2025

У ноч на 12 ліпеня расейскія войскі нанесьлі масіраваны ўдар па Ўкраіне ракетамі і бесьпілётнікамі. Пад абстрэл трапілі некалькі гарадоў, у тым ліку Чарнаўцы, Львоў, Луцк і Харкаў.

У Чарнаўцах загінулі два чалавекі, чацьвёра атрымалі цяжкія раненьні, а 10 — лёгкія траўмы. Пашкоджаны жылыя дамы, крамы, адміністрацыйныя будынкі і аўтамабілі.

У Сінельнікаўскім раёне Днепрапятроўскай вобласьці два чалавекі загінулі сёньня раніцай у выніку расейскага ўдару кіраванымі авіябомбамі. Акрамя таго, у бальніцы памёр жыхар Нікапаля, цяжка паранены ўчора пры абстрэле гораду.

У Львове раненьні атрымалі шэсьць чалавек, у тым ліку 11-гадовы хлопчык. У горадзе пашкоджаны два шматкватэрныя дамы, загарэўся дах нежылога будынка, пацярпелі дзіцячы сад, дзясяткі аўтамабіляў. Парушаны рух тралейбусаў.

У Луцку разбураны прыватны дом, пашкоджаны шыбы ў суседніх будынках, загарэўся аўтамабіль. Ахвяраў, паводле мэра гораду, не было.

Па Харкаве, паводле мясцовай ваеннай адміністрацыі, быў удар дзьвюма авіябомбамі і васьмю бесьпілётнікамі. Тры чалавекі былі параненыя. Пашкоджаны прадпрыемства, жылы дом, ВНУ, гараж і аўтамабілі.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што за ноч расейскія войскі выпусьцілі па Ўкраіне 26 крылатых ракет і амаль 600 дронаў.

​
XS
SM
MD
LG