Эўрапейскі суд па правах чалавека, Страсбург, архіўнае фота
У сераду 9 ліпеня Эўрапейскі суд па правах чалавека вынес два рашэньні супраць Расеі, заявіўшы, што яна парушыла міжнароднае права ва Ўкраіне.
Як паведамляе агенцтва AP, гэта першы выпадак, калі міжнародны суд прызнаў Маскву адказнай за парушэньні правоў чалавека з моманту поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе. Суд таксама пастанавіў, што Расея стаіць за зьбіцьцём рэйса MH17 — упершыню міжнародны суд прызнаў Маскву адказнай за трагедыю 2014 года, у якой загінулі 298 чалавек.
Судзьдзі Эўрапейскага суду па правах чалавека ў Страсбургу разглядаюць чатыры справы, узбуджаныя Ўкраінай і Нідэрляндамі супраць Расеі, якія ахопліваюць шырокі спэктар меркаваных парушэньняў правоў чалавека з пачатку канфлікту, у тым ліку выкраданьне ўкраінскіх дзяцей і зьбіцьцё самалёта Malaysia Airlines.
Скаргі былі пададзеныя ў кіроўны орган суду, які выключыў Маскву са свайго складу ў 2022 годзе пасьля паўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.
Сем’і ахвяр катастрофы MH17 разглядаюць гэтае рашэньне як важны этап у сваіх 11-гадовых пошуках справядлівасьці.
«Гэта рэальны крок да разуменьня таго, хто сапраўды вінаваты», — сказаў Associated Press Томас Схансман, які страціў свайго 18-гадовага сына Квіна ў трагедыі самалёта MH17.
Boeing 777, які ляцеў з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, быў зьбіты 17 ліпеня 2014 года з выкарыстаньнем ракетнай устаноўкі «Бук» расейскай вытворчасьці, выпушчанай з тэрыторыі на ўсходзе Украіны, якая кантралявалася прарасейскімі сэпаратыстамі. Усе 298 пасажыраў і чальцоў экіпажу загінулі, у тым ліку 196 грамадзян Нідэрляндаў.
Форум