Наступствы расейскага абстрэлу Кіева 4 ліпеня 2025 году
У ноч на 7 ліпеня расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 101 дронам і чатырма зэнітнымі кіраванымі ракетамі С-300/400. Супрацьпаветраная абарона і сродкі радыёэлектроннай барацьбы Ўкраіны зьнішчылі 75 дронаў.
Расейскія войскі не спыняюць абстрэлаў мірных гарадоў Украіны. У ноч на 7 ліпеня, як паведамілі ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сілаў Украіны, расейцы ў некалькі хваляў атакавалі Харкаў, Сумскую і Херсонскую вобласьці, Кіеў і Адэсу.
У двух раёнах Харкава, паводле мэра гораду Ігара Церахава, пацярпелі 27 чалавек, у тым ліку дзеці.
Цягам дня колькасьць параненых у выніку начных і ранішніх абстрэлаў Харкава павялічылася да 43. Адзін з бесьпілётнікаў пацэліў у тэрытарыяльны цэнтар камплектаваньня і сацыяльнай падтрымкі (колішнія ваенкаматы. – РС).
У Запарожжы раненьні атрымалі 17 чалавек. У горадзе таксама зафіксавалі пацэльваньне ў тэрытарыяльны цэнтар.
У Адэсе адзін чалавек загінуў, ёсьць разбурэньні і пашкоджаньні цывільнай інфраструктуры, у тым ліку станцыі тэхнічнага абслугоўваньня аўтамабіляў.
У Кіеве пацярпелі тры раёны. Паводле мэра Віталя Клічка, у двух зь іх пашкоджаныя адміністрацыйныя будынкі, газа- і водаправод. Яшчэ ў адным раёне аскепкі зьбітых дронаў трапілі ў аўтамыйню. Папярэдне ніхто не пацярпеў.
У Сумскай вобласьці два чалавекі загінулі і два атрымалі раненьні. Паводле абласных уладаў, расейскія войскі абстралялі 38 паселішчаў рэгіёну. Праз сталыя абстрэлы і баявыя дзеяньні ўлады праводзяць эвакуацыю грамадзян. У ноч на 7 ліпеня паветраная трывога доўжылася больш за 16 гадзін.
У Херсонскай вобласьці таксама ёсьць ахвяры расейскіх удараў. Абласныя ўлады паведамілі, што асноўнымі цэлямі Расеі былі жылыя кварталы і інфраструктура ў 40 паселішчах рэгіёну. Два чалавекі загінулі і яшчэ дзевяць атрымалі раненьні.
Расейскія войскі рэгулярна абстрэльваюць Украіну з розных відаў узбраеньня — ударнымі дронамі, ракетамі, кіраванымі авіябомбамі.
Кіраўніцтва Расеі зьняпраўджвае тое, што расейская армія наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры і мірным насельніцтве.
Украінская ўлада і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і пераконваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.
Форум