Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла, што паводле прадстаўленых ёй матэрыялаў прэзыдэнт Украіны пазбавіў грамадзянства кіраўніка Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату мітрапаліта Ануфрыя (Арэста Беразоўскага).
У паведамленьні СБУ гаворыцца, што «Беразоўскі (Ануфрый) добраахвотна атрымаў грамадзянства Расеі ў 2002 годзе. Пра гэта ён не паведаміў упаўнаважаным органам улады Украіны».
«Па наяўнай у Службы бясьпекі Ўкраіны інфармацыі Беразоўскі (Ануфрый) падтрымлівае сувязь з маскоўскай патрыярхіяй і сьвядома супрацьдзейнічаў атрыманьню кананічнай незалежнасьці ўкраінскай царквой ад маскоўскай патрыярхіі, прадстаўнікі якой адкрыта падтрымліваюць расейскую агрэсію супраць Украіны. Нягледзячы на поўнамаштабнае ўварваньне, Беразоўскі (Ануфрый) фактычна працягвае падтрымліваць палітыку РПЦ і яе кіраўніцтва, у прыватнасьці, патрыярха Кірыла (Гундзяева)», — паведамляе СБУ.
20 жніўня 2024 году Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла законапраект № 8371, які забараняе Расейскай праваслаўнай царкве і зьвязаным з ёй рэлігійным арганізацыям дзейнасьць ва Украіне. Закон, у прыватнасьці, прадугледжвае, што Расейская праваслаўная царква ня можа быць уласьнікам, удзельнікам юрыдычных асоб, зарэгістраваных ва Украіне.
Гэты закон быў падпісаны прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у дзень незалежнасьці 24 жніўня 2024 году. УПЦ (МП) такім чынам была забароненая ва Ўкраіне.
Форум
Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Форум