У прыватнасьці, з пачатку 2025 году дроны маюць 16-канальную антэну, якая ўскладняе працу ўкраінскіх сродкаў радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ), навігацыю праз GSM-сувязь, баявую частку да 90 кіляграмаў і замежныя кампанэнты, у тым ліку ад Пэкінскага інстытуту мікраэлектронных тэхналёгіяў.
Мадыфікаваныя вэрсіі бесьпілётнікаў цяпер вырабляюць на Іжэўскім электрамэхангічным заводзе «Купал» і заводзе дронаў у асаблівай эканамічнай зоне «Алабуга» у Татарстане (яе некалькі разоў атакавалі ўкраінскія дроны. — РС).
«Найбольшае адрозьненьне паміж вэрсіямі дронаў — унутраная электроніка. Яна цалкам зьмянілася. Магчыма, уся распрацоўка ўжо расейская, але кампанэнты дагэтуль замежныя», — сказаў галоўны судовы экспэрт інстытуту Аляксандар Высікан.
На корпусе некаторых дронаў можна пабачыць скотч, гэта, паводле экспэрта, прыкмета дадатковай сыстэмы навігацыі праз GSM-сувязь.
«Цяпер гэта можна пабачыць амаль у кожным дроне. Раней былі выпадкова трэкеры, мадэмы з паўэрбанкамі, а апошнія 4-5 месяцаў яны сустракаюцца ўжо масава. Калі выкарыстоўваецца мадэм, адпаведна яны могуць перадаваць у чат-боты ўсю інфармацыю, і відаць, як сябе паводзіць дрон, ці зададзеным маршрутам ляціць. Такім чынам апэратар можа даведацца каардынаты месца, у якое ён прыляцеў. А калі ён туды не даляцеў, то яны зразумеюць, што дрон зьбілі або стрымалі сыстэмай РЭБ», — патлумачыў экспэрт.
Паводле экспэртаў, Расея працягвае выкарыстоўваць імпартныя кампанэнты і ў апошніх мадыфікаваных вэрсіях «Шахедаў».
«Дэталі дагэтуль усе замежныя. Злучаныя Штаты, зьяўляліся і Нідэрлянды. Але яны могуць вырабляцца і ў Малайзіі, і ў Кітаі. Былі і расейскія дэталі. [...] Не было ніводнай прылады электронікі, якая б магла сьведчыць, што гэта зроблена толькі ў Іране або Расеі. І так было ад пачатку», — рэзюмаваў экспэрт Аляксандар Высікан.
Паводле яго, калі заходнія санкцыі запрацуюць паўнавартасна і пастаўка крытычных электронных элемэнтаў у Расею спыніцца, тэмпы вытворчасьці дронаў-камікадзэ могуць істотна зьнізіцца.
Украінскі экспэрт паведаміў, што расейскія вытворцы мадэрнізавалі і баявыя часткі «Шахедаў». Калі раней дроны мелі меншы зарад, то цяпер баявая частка больш магутная — да 90 кіляграмаў, што, адпаведна, спрычыняе найбольш разбурэньняў.
Высновы экспэртаў выкарыстоўваюць сьледчыя Службы бясьпекі Ўкраіны ў крымінальных справах аб расейскіх абстрэлах.
«Варожыя абстрэлы цывільнай інфраструктуры Ўкраіны кваліфікуюцца як ваенныя злачынствы. Гэта датычыць удараў, нанесеных бесьпілётнікамі тыпу „Шахед“, які Расея называе „Геранямі“. На сярэдзіну траўня 2025 году расейцы ажыцьцявілі па Ўкраіне больш як 28 тысяч абстрэлаў з выкарыстаньнем такога тыпу БПЛА. Пакуль што сьледчыя нашай спэцслужбы расьсьледуюць больш як тры тысячы спраў аб ударах з выкарыстаньнем „Шахедаў“», — паведаміў «Схемам» сьпікер СБУ Арцём Дзехцярэнка.
Паводле СБУ, армія Расея пачала выкарыстоўваць «Шахеды» для атак на Ўкраіну з другой палавіны 2022 году. На той час гэта былі дроны іранскай вытворчасьці, іх паставілі ў Расею ўжо сабранымі, каля дзьвюх тысяч. У далейшым Расея наладзіла ўласную зборку бесьпілётнікаў з гатовых частак, дастаўленых з Ірану. Пасьля Расея змагла наладзіць поўны цыкль вытворчасьці. Пакуль што, паводле СБУ, на расейскіх прадпрыемствах вырабілі больш як 27 тысяч бесьпілётнікаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум