Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Kyiv Independent: беларускія прадпрыемствы перапраўлялі ў Расею імпартныя станкі, на якіх робяць ракеты

Стэнд Гомельскага заводу станкоў і вузлоў на выставе мэталаапрацоўкі ў Маскве ў траўні 2022 году. Афіцыйнае фота
Стэнд Гомельскага заводу станкоў і вузлоў на выставе мэталаапрацоўкі ў Маскве ў траўні 2022 году. Афіцыйнае фота

Журналісты атрымалі доступ да ўнутраных апэрацыяў Воткінскага заводу і вызначылі кампаніі-пасярэднікі, якія ўвезьлі ў Расею абсталяваньне на 11 мільёнаў даляраў.

Тры беларускія прадпрыемствы — Гомельскі завод станкоў і вузлоў і гандлёвы дом «Беларускія станкі» (афіцыйны дылер станкабудаўнічых заводаў Беларусі, зарэгістраваны ў Смаленску. — РС) і «Гефэст» — імпартавалі замежныя станкі для расейскага Воткінскага заводу, каб павялічыць вытворчасьць ракет «Іскандэр» і балістычных ракет.

«Кампаніі з Кітаю, Тайваню і Беларусі — краін, якія не далучыліся да заходніх санкцыяў супраць Масквы за яе вайну ва Ўкраіне, — паставілі стратэгічнаму расейскаму ракетнаму заводу крытычна важнае вытворчае абсталяваньне праз прыватных расейскіх пасярэднікаў», — адзначаецца ў расьсьледаваньні ангельскамоўнага ўкраінскага выданьня The Kyiv Independent.

Журналісты атрымалі доступ да ўнутраных апэрацыяў Воткінскага заводу і вызначылі кампаніі-пасярэднікі, якія ўвезьлі ў Расею абсталяваньне на 11 мільёнаў даляраў. У прыватнасьці, журналісты знайшлі больш за 10 кантрактаў заводу на пастаўку дзясяткаў імпартных станкоў, прызначаных для апрацоўкі мэталу — ключавога кампанэнту для ракет, а менавіта фрэзэрных, такарных і шліфавальных станкоў.

Воткінскі завод — стратэгічны дзяржаўны аб’ект, які абслугоўвае расейскія ядзерныя сілы, — наняў тысячы новых работнікаў, пабудаваў новыя цэхі і ўкараніў сучаснае абсталяваньне, што дазволіла значна павялічыць вытворчасьць ракет, у тым ліку балістычных ракет «Іскандэр-М» з далёкасьцю ўдару да 500 кілямэтраў, якімі расейцы ўсё часьцей абстрэльваюць Кіеў і іншыя гарады.

«Але асноўная місія заводу яшчэ больш пагрозьлівая: гэта вытворчасьць міжкантынэнтальных балістычных ракет, здольных дастаўляць ядзерныя боегалоўкі праз кантынэнты. Сярод іх „Ярс“ і „Булава — ракеты для дасягненьня Злучаных Штатаў, — і, імаверна, „Арэшнік“, які, як паведамляецца, здольны нанесьці ўдар па кожным пункце Эўропы», — адзначаецца ў расьсьледаваньні.

Выданьне на падставе спадарожнікавых фота змагло пацьвердзіць, што ўжо пасьля 2022 году завод пабудаваў два новыя цэхі і ўзяў на працу дадаткова 2 500 працаўнікоў.

Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь не зьяўляецца ўдзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (аб дапамозе вайсковай прамысловасьці і лячэньні параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.

Нядаўна Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) унесла дапаўненьне ў прынятую рэзалюцыю, у якім гаворыцца, што Аляксандар Лукашэнка нясе адказнасьць за прымусовае перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей з тэрыторыяў, акупаваных Расеяй.

У той жа час улады Беларусі падтрымалі ваеннае ўварваньне Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.

Паводле незалежных расьсьледаваньняў, большасьць беларускіх прадпрыемстваў вайскова-прамысловага комплексу працуюць на расейскія заводы, якія вырабляюць баявыя дроны і іншыя боепрыпасы, а таксама вайсковую тэхніку.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG