Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўступілі ў ірана-ізраільскі канфлікт. Трамп заявіў аб «вельмі пасьпяховых» ударах па іранскіх ядзерных аб’ектах

Дональд Трамп зьвяртаецца да нацыі зь Белага дому пасьля удараў ЗША па ядзерных аб'ектах Ірану 21 чэрвеня 2025 году
Дональд Трамп зьвяртаецца да нацыі зь Белага дому пасьля удараў ЗША па ядзерных аб'ектах Ірану 21 чэрвеня 2025 году

У суботу ўвечары прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп зь Белага дому выступіў са зваротам да краіны, паведаміўшы аб амэрыканскіх бомбавых ударах па ядзерных абʼектах Ірану ў Фардо, Натанзе і Ісфагане.

«Наша мэта палягала ў зьнішчэньні іранскага патэнцыялу ўзбагачэньня ўрану і ў нэўтралізацыі ядзернай пагрозы, якую становіць сабой дзяржава — галоўны спонсар тэрарызму ў сьвеце. Сёньня я магу даць справаздачу перад сьветам аб тым, што ўдары былі абсалютна пасьпяховымі. Іранскія ключавыя абʼекты ўзбагачэньня ўрану цалкам зьнішчаныя».

Трамп заклікаў іранскія ўлады да мірных перамоваў, папярэдзіўшы, што ў адваротным выпадку наступныя ўдары могуць быць больш маштабнымі.

Паводле Reuters, удары нанесьлі амэрыканскія стратэгічныя бамбавікі B-2, якія вылецелі з Злучаных Штатаў і праляцелі над Ціхім акіянам. Іранскія афіцыйныя асобы пацьвердзілі факт удараў па трох ядзерных абʼектах. Незалежнага пацьверджаньня маштабаў разбурэньняў, прычыненых ударамі, раніцай у нядзелю не было.

B-2 могуць несьці адмысловыя супрацьбункерныя бомбы, здольныя ўразіць умацаваныя падземныя абʼекты, у тым ліку іранскі ядзерны комплекс у Фардо — цэль, недаступную для ўдараў авіяцыі Ізраілю. Іранскія СМІ пішуць, што комплекс Фардо знаходзіцца на глыбіні 90 мэтраў пад зямлёй і ўстойлівы да нападаў амэрыканскай авіяцыі.

Прэмʼер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу вітаў рашэньне прэзыдэнта Трампа, які, паводле Нэтаньягу, «зрабіў дзеяньні, каб пазбавіць самы небясьпечны рэжым у сьвеце самай небясьпечнай зброі».

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш заявіў, што ён «сурʼёзна ўстрывожаны» эскаляцыяй канфлікту:

«Расьце рызыка таго, што гэты канфлікт можа хутка выйсьці з-пад кантролю, што будзе мець катастрафічныя наступствы для мірнага насельніцтва, рэгіёну і сьвету».

Міністар замежных справаў Ірану Абас Арагчы заявіў, што ЗША груба парушылі міжнароднае права і рэжым нераспаўсюджваньня ядзернай зброі, напаўшы на аб’екты мірнай ядзернай праграмы.

«Падзеі сёньняшняй раніцы абуральныя і будуць мець доўгатэрміновыя наступствы. Кожны чалец ААН павінен быць устрывожаны гэтымі вельмі небясьпечнымі, беззаконнымі і злачыннымі паводзінамі», — напісаў Арагчы ў сацсетцы X.

На гэтым здымку Maxar Technologies відаць грузавікі каля ўваходу ў падземныя памяшканьні на ядзерным аб'екце ў Фардо ў Іране, 19 чэрвеня 2025
На гэтым здымку Maxar Technologies відаць грузавікі каля ўваходу ў падземныя памяшканьні на ядзерным аб'екце ў Фардо ў Іране, 19 чэрвеня 2025
  • Два дні таму Дональд Трамп паведаміў, што ён прыме цягам двух тыдняў рашэньне аб магчымым бамбаваньні іранскіх ядзерных абʼектаў. Ізраіль заклікаў Злучаныя Штаты да такога кроку, бо ня мае ў арсэнале магутных бомбаў, здольных зьнішчаць ядзерную вытворчасьць глыбока пад зямлёй, як, напрыклад, устаноўкі для ўзбагачэньня ўрану ў Фардо. Вядома, што частка дарадцаў прэзыдэнта ЗША была супраць гэтага кроку, асьцерагаючыся, што Іран можа адказаць ударамі па амэрыканскіх вайсковых базах у рэгіёне, і ЗША могуць быць уцягнутыя ў рэгіянальную вайну; частка дарадцаў і ўплывовых заканадаўцаў была за гэта, лічачы, што такім шляхам можна нэўтралізаваць іранскую ядзерную праграму.
  • Кіраўнікі рэспубліканцаў у Кангрэсе падтрымалі рашэньне прэзыдэнта Трампа. Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан і кіраўнік рэспубліканцаў у Сэнаце Джон Тун назвалі яго «неабходным крокам». Кіраўнік дэмакратычнай меншасьці ў Палаце прадстаўнікоў Хакім Джэфрыс абвінаваціў прэзыдэнта ў тым, што ён увёў краіну ў зман што да сваіх намераў і рызыкуе ўцягнуць ЗША ў патэнцыйна «катастрафічную вайну» на Блізкім Усходзе. Сэнатар ад Дэмакратычнай партыі Крыс Мэрфі напісаў у сацыяльнай сетцы X, што на мінулым тыдні яго азнаёмілі з выведнай інфармацыяй: «Іран не ствараў непасрэднай пагрозы нападу для Злучаных Штатаў. Іран ня быў блізкі да стварэньня ядзернай зброі зь яе носьбітамі. Перамовы, якія Ізраіль сарваў сваімі ўдарамі, мелі патэнцыял для посьпеху».
  • Іран папярэдзіў Злучаныя Штаты, што амэрыканскаму ўдару па яго тэрыторыі будзе дадзены рашучы адказ.

Што варта ведаць пра Іран, цяперашні іранскі рэжым і яго стасункі з рэжымам у Беларусі

Іран (афіцыйная назва — Ісламская Рэспубліка Іран) мае тэрыторыю 1648 тыс. км². Гэта амаль у 8 разоў больш за тэрыторыю Беларусі. Насельніцтва Ірану каля 81 мільёна чалавек. 85% зь іх — мусульмане-шыіты, амаль 10% — мусульмане-суніты, каля 4% — хрысьціяне.

Краіна мяжуе з Азэрбайджанам, Армэніяй, Туркмэністанам, Іракам, Турэччынай, Афганістанам і Пакістанам.

У 1979 годзе ў Іране адбылася рэвалюцыя, якая зрынула шаха Рэзу Пэхлеві. Іран быў абвешчаны Ісламскай рэспублікай. Паводле новай тэакратычнай Канстытуцыі, лідэр рэвалюцыі аятала Хамэйні зрабіўся Найвышэйшым кіраўніком, прамысловасьць нацыяналізавалі, ува ўсіх сфэрах вырасла роля ісламу, «заходнія ўплывы» былі абмежаваныя.

Іран мае абраны насельніцтвам парлямэнт (Мэджліс), але ўсе законапраекты мае ўхваляць Рада вартавых канстытуцыі. У ёй 6 з 12 чальцоў прызначае Найвышэйшы кіраўнік, а яшчэ 6 — Мэджліс на прапанову Вярхоўнага суду.

Таксама ў Іране рэгулярна адбываюцца выбары прэзыдэнта. З 2024 году гэтую пасаду займае Масуд Пэзэшкіян. Аднак асноўную ўладу мае не прэзыдэнт, а Найвышэйшы кіраўнік. Ён вызначае агульную палітыку, камандуе Ўзброенымі сіламі і вайсковай выведкай, прызначае людзей на ключавыя пасады ў дзяржаве — старшыняў судоў, кіраўніка паліцыі і вайскаводаў усіх родаў войскаў.

Найвышэйшага кіраўніка абірае Рада экспэртаў (у ёй больш за 80 ісламскіх багасловаў) і тэарэтычна яна ж можа ў кожны момант памяняць першую асобу ў дзяржаве. На практыцы пасьля сьмерці аяталы Хамэйні ў 1989 годзе гэтую пасаду да сваёй гібелі 28 лютага займаў Алі Хамэнэі, які перад гэтым з 1981 году быў прэзыдэнтам Ірана.

У сьнежні 2025 году на фоне эканамічных цяжкасьцяў у краіне ўспыхнулі пратэсты. Іх асноўным рухавіком спачатку былі вулічныя гандляры, потым далучыліся студэнты, іншыя жыхары гарадоў. Пратэсты не спыняліся каля 50 дзён і былі жорстка задушаныя. Праваабаронцы з арганізацыі HRANA пацьвердзілі больш за 7 тысяч сьмерцяў падас пратэстаў, і працягваюць правяраць яшчэ амаль 12 тысяч паведамленьняў.

Стасункі зь Беларусьсю

У 2006 годзе Беларусь вырашыла наладзіць зборку іранскіх аўтамабіляў Samand. Да згортваньня праекту ў 2013-м удалося выпусьціць толькі 2000 машын.

Абʼём гандлю Беларусі з Іранам за 2023 год быў каля 140 мільёнаў даляраў. Паводле ўладаў, у 2024 годзе ён вырас на чвэрць.

У сакавіку 2023 году ў Тэгеране Аляксандар Лукашэнка правёў перамовы з тагачасным іранскім прэзыдэнтам Ібрагімам Раісі.

У жніўні 2025 году іранскі прэзыдэнт Масуд Пэзэшкіян сустрэўся з Лукашэнкам у Менску. Яны дамовіліся скасаваць візы і адкрыць авіярэйсы паміж Тэгеранам і Менскам.

У сьнежні 2025 году міністры замежных справаў Беларусі і Ірану Максім Рыжанкоў і Абас Аракчы падпісалі ў Менску шэраг дакумэнтаў, у тым ліку дэклярацыю аб супрацьдзеяньні санкцыям.

Супраца ў вайсковай сфэры

У ліпені 2023 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся ў Тэгеране зь міністрам абароны Ірану Мугамадам Ашт’яні. Яны падпісалі Мэмарандум аб узаемаразуменьні ў вайсковай супрацы.

У лютым 2024 году Менск наведаў намесьнік міністра абароны Ірану Саід Галяндары, які адказвае за міжнародныя адносіны, а ў красавіку — намесьнік міністра абароны і падтрымкі Ўзброеных сілаў Мэхдзі Джафары.

У красавіку 2024 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін на сустрэчы з іранскім калегам Мугамадам Ашт’яні заявіў пра гатоўнасьць Беларусі «разьвіваць і ўмацоўваць» супрацу з Тэгеранам ва ўмовах міжнародных санкцыяў, а Ашт’яні падкрэсьліў «высокі патэнцыял» дзьвюх краін «у вайсковым і абаронным сэктарах», адзначыўшы «гатоўнасьць Тэгерану да шчыльнейшай супрацы зь Менскам».

У траўні 2024 году беларускія вайскоўцы прынялі ўдзел у камандна-штабных вучэньнях «Пояс бясьпекі — 2024» у Тэгеране. А ў Міністэрстве абароны Беларусі ўпершыню быў акрэдытаваны вайсковы аташэ пры іранскай амбасадзе.

У ліпені 2024 году дэлегацыя Міністэрства абароны Ірану наведала Менск і абмеркавала зь беларускімі калегамі «пэрспэктывы супрацы ў сфэры інжынэрнага забесьпячэньня».

У жніўні 2024 году камандуючы вайскова-паветранымі сіламі Беларусі Андрэй Лук’яновіч у складзе беларускай дэлегацыі наведаў Іран і правёў перамовы з галоўным вайскаводам арміі Ірану Абдулрагімам Мусаві і камандзірам ВПС Ірану Хамідам Вахэдзі.

У сакавіку 2025 году Менск наведаў міністар абароны Ірану Азіз Насірзадэ. Тады ён і міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявілі аб зацікаўленасьці ў інтэнсыфікацыі супрацы.

У сьнежні 2025 году падчас візыту ў Менск дэлегацыі іранскага Генэральнага штабу Беларусь і Іран падпісалі плян двухбаковай вайсковай супрацы на 2026 год і абвясьцілі пра намер правесьці сумесныя вайсковыя вучэньні.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG