МАГАТЭ: з пачатку абстрэлаў у Іране пашкоджаныя прынамсі чатыры ядзерныя аб’екты

Штаб-кватэра МАГАТЭ ў Вене (Аўстрыя), 16 чэрвеня 2025 году
Штаб-кватэра МАГАТЭ ў Вене (Аўстрыя), 16 чэрвеня 2025 году

У Міжнародным агенцтве атамнай энэргіі (МАГАТЭ) паведамілі дэталі пашкоджаньняў іранскіх ядзерных аб’ектаў у выніку абстрэлаў Ізраілю.

У прыватнасьці, як адзначаецца ў справаздачы МАГАТЭ, пашкоджаныя аб’екты, разьмешчаныя ў Араку, Ісфахане, Натанзе і Тэгеране.

Згодна з інфармацыяй МАГАТЭ, узровень радыяцыі за межамі пашкоджаных аб’ектаў застаецца нязьменны.

«У Іране ёсьць шмат ядзернага матэрыялу ў розных месцах, а гэта азначае, што патэнцыял для радыяцыйнай аварыі з расьсейваньнем у атмасфэры радыяактыўных матэрыялаў і частак сапраўды існуе», — заявіў генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі.

13 чэрвеня ў Натанзе на заводзе ўзбагачэньня ўрану зьнішчылі наземную частку пілётнага заводу, на якім выраблялі ўран U-235, узбагачаны да 60%, энэргетычную інфраструктуру гэтага заводу, памяшканьні галоўнай і аварыйных крыніц энэргазабесьпячэньня і рэзэрвовыя генэратары.

У той жа дзень на ядзерным аб’екце ў Ісфахане пашкодзілі чатыры збудаваньні: цэнтральную хімічную лябараторыю, завод перапрацоўкі ўрану, тэгеранскі завод рэактарнага паліва і аб’ект для перапрацоўкі ўзбагачанага ўрану ў стадыі будаўніцтва.

18 чэрвеня зьявілася інфармацыя аб пападаньні ў два аб’екты ў Іране, дзе вырабляюць цэнтрыфугі, — у цэх TESA ў Караджы і ў Тэгеранскі дасьледчы цэнтар. Абодва аб’екты раней былі пад маніторынгам і вэрыфікацыяй МАГАТЭ.

У Тэгеранскім цэнтры пашкоджана памяшканьне, дзе выраблялі і выпрабоўвалі ўдасканаленыя ротары цэнтрыфугаў. У цэху ў Караджы зьнішчылі два аб’екты, дзе рабілі розныя кампанэнты для цэнтрыфугаў.

19 чэрвеня пацярпеў дасьледчы рэактар на цяжкай вадзе Хандаб, які толькі будаваўся.

Іншыя ядзерныя аб’екты не атрымалі пашкоджаньняў.


​
XS
SM
MD
LG