Ізраіль атакаваў неактыўны ядзерны рэактар; Іран ударыў па ізраільскім шпіталі

абноўлена
Іранскі ўдар па шпіталі ў Ізраілі

Раніцай 19 чэрвеня Ізраіль зноў нанёс авіяўдары па Тэгеране і прадмесьцях — празь некалькі гадзін пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што «ня мае намеру» далучаць Злучаныя Штаты да ваенных дзеяньняў, але пры патрэбе зробіць крокі, каб не дапусьціць атрыманьня Іранам ядзернай зброі.

Ізраіль атакаваў ядзерны рэактар у раёне Арак у Іране, у тым ліку ахоўную абалонку рэактара, якая ёсьць асноўным кампанэнтам у вытворчасьці плютонію.

Напярэдадні ізраільскія вайскоўцы апублікавалі ў сацыяльных сетках папярэджаньні аб эвакуацыі на арабскай і фарсі для жыхароў раёнаў паблізу цяжкаводнага рэактара ў Араку, што за 250 км на паўднёвы ўсход ад Тэгерану, а таксама жыхароў бліжэйшага раёну Хандаб.

Цяжкая вада для ахаладжэньня ядзерных рэактараў можа выкарыстоўвацца і пры вырабе кампанэнтаў, важных для распрацоўкі ядзернай зброі.

Ува ўсім Іране амаль цалкам зьнікла інтэрнэт-сувязь.

У Ізраілі каля 25 чалавек пацярпелі ад іранскага ўдару па шпіталі ў горадзе Бээр-Шэва.

Газэта Wall Street Journal з спасылкай на трох чалавек, знаёмых з сытуацыяй, паведаміла, што Трамп ухваліў пляны далучэньня амэрыканскіх войскаў да Ізраілю ў атаках на Іран, але што ён чакае, ці адмовіцца Тэгеран ад сваёй ядзернай праграмы.

У камэнтарах журналістам у Авальным кабінэце Трамп не пацьвердзіў гэтых паведамленьняў, заявіўшы, што ён «не зьбіраецца ваяваць» з Іранам, але можа быць вымушаны правесьці такія апэрацыі, каб перашкодзіць Тэгерану распрацаваць ядзерную зброю.

«Я магу гэта зрабіць. Я магу гэтага не зрабіць. Я маю на ўвазе, што ніхто ня ведае, што я зьбіраюся рабіць», — заявіў Трамп пазьней журналістам каля Белага дому.

Прэзыдэнт ЗША абавязаны пракансультавацца з Кангрэсам і запытаць дазволу, калі разглядае «магчымасьць пашырэньня ўдзелу ЗША ў вайне» у Іране. Пра гэта заявіла група сэнатараў-дэмакратаў.

«Паколькі прэзыдэнт Трамп, як паведамляецца, разглядае магчымасьць пашырэньня ўдзелу ЗША ў вайне, мы глыбока занепакоеныя бракам падрыхтоўкі, стратэгіі і дакладна вызначаных мэтаў, а таксама вялікай рызыкай для амэрыканцаў і мірных жыхароў рэгіёну», — заявілі сэнатары і нагадалі, што Іран прыгразіў ударам у адказ па амэрыканскіх вайсковых базах.

  • The New York Times з спасылкай на высокапастаўленага іранскага чыноўніка паведаміла, што Тэгеран адкрыты для сустрэчы з амэрыканскімі перамоўнікамі, каб абмеркаваць спыненьне агню, і што міністар замежных справаў Абас Аракчы прыме ўдзел у такіх перамовах.
  • Міністры замежных справаў Нямеччыны, Францыі і Вялікай Брытаніі плянуюць перамовы з Аракчы 20 чэрвеня ў Жэнэве, у той час як Арганізацыя Аб’яднаных Нацый заплянавала на той жа дзень сустрэчу ў пытаньні крызісу.
  • 18 чэрвеня вярхоўны лідэр Ірану аятала Алі Хамэнэі адкінуў заклік Трампа да «безумоўнай капітуляцыі» Тэгерану.
​
XS
SM
MD
LG